Першы жылы дом, пабудаваны з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый, здадзены ў Віцебску

У канцы лютага, ва ўстаноўленыя тэрміны, здадзены ў эксплуатацыю чарговы жылы дом — КПД-72 па вуліцы Акцёраў Ерэменка ў Білёва-3. Асаблівасць яго ў тым, што гэта першы ў абласным цэнтры дом, пабудаваны ў рамках рэспубліканскага праекта «Будаўніцтва сацыяльнага жылля» з выкарыстаннем тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

У жніўні мінулага года, як ужо паведамлялася, на месцы будучага дома адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная пачатку рэалізацыі праекта на Віцебшчыне, з удзелам кіраўнікоў аблвыканкама, Віцебскага домабудаўнічага камбіната, а таксама прадстаўнікоў Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь і 25-й кампаніі Кітайскай Карпарацыі па Чыгуначным Будаўніцтве (генеральны падрадчык на дадзеным аб'екце).

Гэты 120-кватэрны дом, аўтарства якога належыць УП «Інстытут Віцебскграмадзянпраект», узведзены будаўнікамі Віцебскага ДБК з айчынных матэрыялаў. Яго кошт — каля 6 мільёнаў рублёў. У адпаведнасці з умовамі праекта фінансуе будаўніцтва (акрамя распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі) кітайскі бок. Заказчыкам з'яўляецца УКБ аблвыканкама, эксплуатуючай арганізацыяй — ЖРЭТ г. Віцебска. Пасля праходжання рэгістрацыі дома ў БТІ 120 віцябчан атрымаюць ключы ад новенькіх адна-, двух- і трохпакаёвых кватэр.

Нагадаем, што навасёламі ў такіх дамах могуць стаць грамадзяне, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і маюць права на сацыяльнае жыллё. Як паведаміла начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі гарвыканкама Марына Арэшчанка, сёння ў Віцебску да такой катэгорыі грамадзян належыць каля 600 гараджан, у тым ліку 281 непаўналетні.

Плануецца пачаць сёлета ўзвядзенне другога «кітайскага» дома ў рамках праекта «Будаўніцтва сацыяльнага жылля».

Віталь СЕНЬКОЎ, «Віцебскія весці».