Першым са 180 аб'ектаў да абласных "Дажынак-2016" у Сянне ўвядуць у строй раённы Дом культуры
У сярэдзіне ліпеня ў Сенне плануецца ўвесці ў строй пасля рэканструкцыі раённы Дом культуры – адзін з першых знакавых аб'ектаў у горадзе, які пераўтвараецца да абласнога свята «Дажынкі-2016».
Як паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус, сёння ў райцэнтры вядуцца работы без адставання ад графіка на ўсіх запланаваных аб'ектах. Калі ўдасца вытрымаць набраны тэмп і аператыўна вырашаць фінансавыя пытанні, то ўжо да канца жніўня асноўны аб'ём (а гэта не менш за 95%) мерапрыемстваў будзе выкананы, і да прыезду гасцей застанецца толькі наводзіць прыгажосць ды пячы святочныя пірагі.
У ліку найбольш важных Уладзімір Белавус назваў узвядзенне новага будынка ЗАГСа, а таксама рамонт і рэканструкцыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзіцячай школы мастацтваў, мадэрнізацыю гісторыка-краязнаўчага музея, устаноў адукацыі і аховы здароўя.
Асаблівая ўвага надаецца аб'ектам сацыяльнага прызначэння, а таксама работам па добраўпарадкаванні вуліц і двароў, якія будуць яшчэ доўга служыць мясцовым жыхарам пасля свята.
Поўным ходам ідзе абнаўленне гандлёвай сеткі раённага цэнтра, сэрвісных аб'ектаў, у тым ліку гасцініцы, іншых будынкаў і збудаванняў, фінансаванне работ на якіх ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Менавіта так – усім мірам – паляпшаюць свой горад мясцовыя жыхары. Праводзяцца агляды-конкурсы па азеляненні, добраўпарадкаванні, стварэнні зон адпачынку, іншымі словамі, усё падпарадкавана адной мэце. Вядома, з улікам фінансавай сітуацыі даводзіцца аптымізаваць віды і аб'ёмы планаваных работ, дзесьці замест капітальнага выконваць бягучы рамонт.
Галоўнае, што ўдасца пры падрыхтоўцы да «Дажынак», так гэта сур'ёзна абнавіць горад і яго інфраструктуру, ператварыўшы месца правядзення чарговага свята працаўнікоў вёскі, упэўнены Уладзімір Белавус. Усяго ў рамках падрыхтоўкі Сенна да ўрачыстасцей прадугледжаны рамонтныя работы на больш чым 180 аб'ектах.
Сяргей Анто́наў. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".