Першых лаўрэатаў ганаровага звання "Віцяблянін года" ўшануюць на Дзень горада

Першых лаўрэатаў ганаровага звання \"Віцяблянін года\" будуць ушаноўваць у абласным цэнтры падчас святкавання Дня горада, паведамілі ў Віцебскім гарвыканкаме.

Свой 1042-гадовы юбілей Віцебск будзе адзначаць 24-26 чэрвеня. У першы дзень свята ў Летнім амфітэатры адбудзецца ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт. Падчас гэтага мерапрыемства і адбудзецца ўшанаванне першых 10 лаўрэатаў ганаровага звання \"Віцяблянін года\". Новае званне (плануецца, што яно будзе прысвойвацца штогод) заснавана гарвыканкамам і прадугледжвае пяць намінацый: \"Падзея года\", \"Праект года\", \"Мецэнат года\", \"Дэбют года\", \"Грамадскае прызнанне\".

Сярод першых лаўрэатаў міліцыянер Чыгуначнага аддзела дэпартамента аховы Сяргей Баталко, які гэтай вясной засланіў дзіця ад удару аўтамабіля (інцыдэнт атрымаў вялікі рэзананс і шырока абмяркоўваўся ў СМІ і сацсетках), актрыса тэатра імя Якуба Коласа, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны, дырэктар гандлёвай кампаніі \"Веста\" Рэйман Веніямінаў, дырэктар тэлерадыёкампаніі \"Віцебск\" Алена Панцюхова. Лаўрэаты ганаровага звання атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі.

Алена Ціханава - БЕЛТА.