Пешаходаў без флікераў могуць аштрафаваць на Br105 тыс.
23 лютага, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Штраф за адсутнасць флікераў у пешаходаў у цёмны час сутак цяпер складае да Br105 тыс. Менавіта сёння ўступае ў сілу закон "Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі.
Згодна з дакументам за парушэнне правілаў дарожнага руху на пешаходаў будзе накладацца штраф ад адной да трох базавых велічынь (ад Br35 тыс. да Br105 тыс.). Раней ДАІ магла аштрафаваць пешых удзельнікаў дарожнага руху толькі на 0,5 базавай (Br17,5 тыс.) альбо абмежавацца папярэджаннем.
У тым ліку штраф накладаецца і за адсутнасць святлоадбівальнікаў. Як адзначылі ў ДАІ, пешаход павінен пазначаць сябе флікерам у тым выпадку, калі ён рухаецца па краі праезнай часткі ў цёмны час сутак, як у сельскай мясцовасці, так і ў горадзе. Калі ж ён проста пераходзіць дарогу ва ўстаноўленым месцы, то святлоадбівальны элемент неабавязковы. Але ДАІ настойліва рэкамендуе мець іх заўсёды. Пры гэтым прымацоўваць святлоадбівальнікі трэба так, каб яны былі бачныя з усіх бакоў. Для пешых удзельнікаў дарожнага руху бяспечней за ўсё ісці па левым боку дарогі, гэта значыць супраць руху, нагадалі ў Дзяржаўтаінспекцыі.
За парушэнне ПДР у нецвярозым стане інспектары ДПС цяпер таксама змогуць накладаць на пешаходаў больш жорсткія спагнанні (ад трох да пяці базавых). Штраф будзе выпісвацца і за адмову ад асведчання.
Па дадзеных ДАІ, штодня да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваецца ў сярэднім каля тысячы пешаходаў. Прыкладна палова з іх караецца менавіта за адсутнасць флікераў у цёмны час сутак. Часта прычынамі ДТЗ з удзелам пешаходаў становяцца пераход праезнай часткі ва ўстаноўленым месцы і п'янства. Не варта забываць і пра тое, наколькі небяспечныя дзіцячыя гульні на аўтадарозе. Больш за тое, як гаворыцца ў п.7.3 Правілаў дарожнага руху, пры суправаджэнні дзяцей неабходна прыняць усе магчымыя меры, каб яны не выходзілі самастойна на праезную частку. Таксама ДАІ нагадвае, што пешаходы падвяргаюць сябе небяспецы, калі нечакана выходзяць на дарогу з-за транспартнага сродку, збудавання, дрэва, іншага натуральнага ўкрыцця, нават калі гэта адбываецца на пешаходным пераходзе.-0-