Песня на словы самадзейнага паэта з Віцебскай вобласці ўвайшла ў рэпертуар ансамбля "Сябры"
28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ансамбль "Сябры" уключыў у свой рэпертуар новую песню "Да цябе, любоў" на словы самадзейнага паэта Барыса Старавойтава. Музыку напісаў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Сацура, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны рэдактар "Беларускай лясной газеты" Алена Стэльмах.
Незвычайнасць стварэння новай песні ў тым, што яе аўтар працуе галоўным ляснічым Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб'яднання. Разам са сваімі калегамі ён ахоўвае і прымнажае лясное багацце аднаго з самых прыгожых мясцін Беларусі. Тут шмат запаведнікаў, азёр і рэк, і наогул маляўнічых мясцін. Прафесія ляснічага, цесна звязаная з прыродай, даўно стала для Барыса Старавойтава крыніцай творчага натхнення. Але такі ўражлівы дэбют, як песня ў рэпертуары такіх вядомых артыстаў, у яго ўпершыню.
Сваю песню аўтар прысвячае Году роднай зямлі. У простых, але вельмі меладычных радках паказана шчодрасць і шырата душы беларуса, якому дарагі родны край. У песні аўтар выказаў таксама далікатныя пачуцці да каханай жанчыны. Усё гэта таксама блізка і дарагое не толькі аўтару радкоў, але і аўтару музыкі, выканаўцам песні. Таму гучыць яна так кранальна і шчыра. Прэм'ера песні мяркуецца на канцэрце ў Дзень Беларусі на "Славянскім базары ў Віцебску". -0-