Пётр Машэраў пакінуў незгладны след у сэрцах і памяці беларусаў - Мікалай Шарснёў
Ва ўрачыстым мерапрыемстве ў гонар 100-годдзя выдатнага дзяржаўнага дзеяча, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава прынялі ўдзел прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, ветэранскіх арганізацый, дэпутаты, грамадскасць і моладзь. "Пётр Міронавіч Машэраў - выдатны кіраўнік і маштабная асоба, яго ведаюць і памятаюць ва ўсёй Беларусі. Ён пакінуў незгладны след і ў сэрцах, і ў памяці нашых людзей", - сказаў кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарстнёў перакананы, што цяперашняе пакаленне беларусаў павінна ўнесці свой уклад ва ўвекавечанне памяці аб Пятры Машэраве. У Віцебскай вобласці гэтым трэба займацца асабліва - Машэраў нарадзіўся ў Сенненскім раёне, атрымаў адукацыю ў Віцебску, працаваў у Расонах, дзе і арганізаваў падчас вайны супраціўленне акупантам у тыле.
З Расонскім раёнам звязаны яркія старонкі жыцця палітыка. У музеі баявога брацтва райцэнтра яму прысвечаны мемарыяльны зал. "На жаль, музей ужо ў непрывабным стане. Яго чакае рэканструкцыя. Выканана праектная дакументацыя, установа будзе цалкам абноўлена і прыведзена ў ідэальны стан. Запланавана істотнае добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, сквера і магілы маці Пятра Міронавіча (яе забілі немцы). Усё гэта будзе зроблена ў адзіным комплексе. Работы маюць намер правесці за 2018 год", - сказаў Мікалай Шарстнёў. Ён падкрэсліў, што музейны комплекс у Расонах павінен стаць тэрыторыяй памяці і месцам, дзе будуць праводзіцца маладзёжныя патрыятычныя мерапрыемствы.
Што тычыцца Сенненскага раёна, дзе нібыта захаваўся дом сям'і Машэравых, то гэта пакуль толькі здагадка, выказаная ў СМІ. "Гэта толькі версія. Трэба разбірацца, шукаць факты, дакументальныя
пацвярджэння. Калі здагадка пацвердзіцца, то, безумоўна, гэта будзе вельмі значна для Сенненшчыны", - канстатаваў старшыня аблвыканкама. Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што Сенненшчына дала Беларусі выдатнага кіраўніка і сёння яго землякі павінны імкнуцца славіць гэты край сваімі справамі. "Ёсць планы па развіцці раёна. Будуць будавацца жывёлагадоўчыя комплексы, вядзецца работа па павышэнні эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, каб атрымліваць значна больш высокія вынікі. Калі намечанае удасца рэалізаваць, гэта будзе годны ўклад сучаснікаў у захаванне памяці аб праслаўленым земляку", - рэзюмаваў губернатар. Мерапрыемствы, прысвечаныя векавому юбілею Машэрава, працягнуцца 27 лютага - у Віцебскім дзяржуніверсітэце ім. П.М.Машэрава пройдзе ўрачысты сход.