Пётр Пархомчык: «Працу ўлады цэняць за канкрэтныя справы»
На прыём да віцэ-прэм'ера запісалася ўсяго тры чалавекі з пытаннямі, якія тычацца пахаванняў на могілках, паляпшэння жыллёвых умоў і ўстанаўлення інваліднасці. Пётр Пархомчык грунтоўна ўнікаў у сутнасць кожнай праблемы, не даваў пустых абяцанняў, але грамадзяне сыходзілі з прыёму з надзеяй, што іх пачулі і ім дапамогуць.
Віцяблянка звярнулася з нагоды таго, што на могілках Загорскія ў абласным цэнтры пахаваныя ўсе яе сваякі. Каб падтрымліваць магілы ў належным стане, з сынам прыйшлося прыкласці нямала сіл, каб утрамбаваць месца каля яра і ўсталяваць металічныя апоры, якія пазней былі выкрадзены. Высокае аварыйнае дрэва зламалася і разбіла агароджу, якую таксама замянілі. Каля маці заставалася вольнае месца для ўласнага пахавання. Але згодна з новым законам цяпер ёй давядзецца аплаціць немалую суму за лішнія метры, або яны адыдуць пад іншае пахаванне, хоць за добраўпарадкаванне могілак, паводле яе слоў, ніхто не займаецца. Заяўніца прасіла станоўча вырашыць яе пытанне.
Віцэ-прэм'ер даў даручэнне высветліць, якая арганізацыя па зборы другаснай сыравіны працуе паблізу могілак і чаму не сочыць за парадкам. І хоць заяўніца не звярталася са сваім пытаннем у «Спецкамбінат», даручыў камунальнікам дэталёва разабрацца, каб вырашыць усё па законе. А са свайго боку паабяцаў знайсці спонсараў, якія пакрыюць заяўніцы частку выдаткаванай на добраўпарадкаванне могілак сумы.
Маці чацвярых дзяцей з Сенненскага раёна прыехала на прыём са сваёй цёцяй, якая дапамагае маладой сям'і ў вырашэнні жыллёвай праблемы. Сям'я пражывае ў вёсцы, стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Мацярынскі капітал не можа выкарыстоўваць, бо Сенненскі райвыканкам не знаходзіць прыдатны варыянт набыцця жылля. Пры гэтым заяўніца не супраць правядзення рамонту ў адной трохпакаёвай кватэры, якая б сям'ю задаволіла. Дадзена даручэнне Сенненскаму райвыканкаму вырашыць пытанне на працягу месяца.
Яшчэ адзін віцяблянін прайшоў нямала камісій і асведчанняў, даказваючы, што рашэнне МРЭК, якая прызначыла яму трэцюю групу інваліднасці, несправядлівае, і ён з ім не згодны. Пётр Пархомчык уважліва выслухаў праблему, але выразнае рашэнне можна будзе прымаць пасля апошняга заключэння камісіі. Пытанне ўзята на кантроль.
– Прыёмы грамадзян – важны элемент нашага жыцця, – падкрэсліў Пётр Пархомчык. – Прыходзяць, як правіла, людзі сталага ўзросту, якія не зусім разбіраюцца ў юрыдычных і прававых пытаннях. Ім патрэбна дапамога, падтрымка, кансультацыя. А яшчэ – паважлівае стаўленне. Як мы ставімся да сваіх бацькоў, так мы павінны ставіцца і да гэтых грамадзян. Калі ёсць такое стаўленне, тады і пытанні вырашаюцца.