Спеўная традыцыя Полацкага раёна ўвайшла ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі
Выконвае гэтыя песні і падтрымлівае традыцыю сёння народны фальклорны калектыў "Галасы спадчыны". Ён заснаваны ў 1971 годзе пры Багатырскім сельскім Доме культуры. Удзельнікі калектыву, работнікі культуры раёна збіралі матэрыял шмат гадоў. Размаўлялі са старэйшым пакаленнем мясцовых жыхароў вёскі, даведваліся, як і калі выконваліся песні. Шукалі інфармацыю таксама ў суседніх сёлах.
"Унікальнасць манеры выканання ў тым, што калектыў дзеліцца на дзве часткі. Першая група пачынае спяваць, цягне доўгую ноту, і на ёй уступае другая група выканаўцаў. Атрымліваецца ў прамым сэнсе слова перапляценне. Фальклорны калектыў "Галасы спадчыны" наведаў мноства фестываляў, і эксперты часта звярталі ўвагу на гэту асаблівасць", - адзначыла Наталля Дзяміна.
Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебскай вобласці ўключае 957 пазіцый. Сёлета пералік папоўнілі яшчэ тры аб'екты: помнік бітве 1812 года ў аграгарадку Вароны Віцебскага раёна, Шухаўская воданапорная вежа ў Талачынскім раёне і помнік "Суражскія вароты".
Беларусь была адной з першых краін, якія падпісалі Канвенцыю ЮНЕСКА 2003 года аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Беларусь уваходзіць у склад Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.