Спявак Руслан Алехна стаў зорным амбасадорам II Еўрапейскіх гульняў
Сертыфікат спеваку быў уручаны 9 сакавіка падчас выступлення ў канцэртнай зале "Мінск". Руслан Алехна - беларускі эстрадны спявак і кампазітар, пераможца тэлевізійнага конкурсу "Народны артыст" у 2004 годзе, удзельнік конкурсу эстраднай песні "Еўрабачанне-2008" ад Беларусі, пераможца трэцяга сезона шоу "Адзін у адзін!" у 2015 годзе, уладальнік ордэна "За ўклад у развіццё культуры Расіі", медаля Францыска Скарыны.
У ліку зорных амбасадараў выдатныя асобы са свету спорту, мастацтва і культуры Беларусі і замежных краін. Першым уладальнікам высокага тытула стала чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава. У камандзе зорных амбасадараў вядомыя цыркавыя дрэсіроўшчыкі, народныя артысты Расіі Аскольд і Эдгард Запашныя, алімпійскі чэмпіён 2008 года па веславанні на байдарках і каноэ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандр Багдановіч; лёгкаатлетка, чэмпіёнка Еўропы 2018 года ў бегу на марафонскай дыстанцыі Вольга Мазурэнка; трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь; блогер і тэлевядучая Ганна Бонд; беларускі піяніст і дырыжор Расціслаў Крымер.
Яшчэ адзін сертыфікат быў уручаны прадстаўніку Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктару Рашэду Мустафу Сарвару, які выступае ў гэтай ролі ад імя міжнароднай арганізацыі. Ганаровае званне Зорнага амбасадара Гульняў таксама прысвоена ўкраінскай спявачцы Ані Лорак, алімпійскаму чэмпіёну па фехтаванні Аляксандру Раманькову і пераможцы нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2018", уладальніцы тытула "Міс свету Еўропа" Марыі Васілевіч.