Пікеты па зборы подпісаў выбаршчыкаў з'явіліся на вуліцах Віцебска

6 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першыя пікеты па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі з'явіліся на вуліцах Віцебска, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Нягледзячы на тое, што ў Віцебску рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў, не прымалася і ініцыятыўныя групы могуць працаваць без абмежаванняў, пакуль пікеты ўстаноўлены на ажыўленым скрыжаванні на плошчы Свабоды. Тут збіраюць подпісы ў падтрымку трох кандыдатаў. Як паведамілі ва ўпраўленні арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама, цяпер у рэгіёне вядзецца работа па стварэнні ўчастковых выбарчых камісій. У вобласці працуюць 28 тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі, у тым ліку 1 абласная, 21 раённая, 3 гарадскія камісіі працуюць у гарадах абласнога падпарадкавання, тры раённыя - у Віцебску. Усяго ў складзе камісій працуюць 364 чалавекі. Больш за палову з іх прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, 27,7% вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 19,8% - працоўнымі калектывамі. У склад камісій уваходзяць члены Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", КПБ, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Больш за 60% членаў камісіі - жанчыны, моладзь да 30 гадоў складае 9,1%. -0-