Пілотны праект па ўкараненні святлодыёдных свяцілень у жылых дамах стартуе ў Новалукомлі
28 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Пілотны праект Рэспубліканскага навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі" і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі па апрабацыі ў рэальным рэжыме работы святлодыёдных свяцільнікаў стартуе з 1 сакавіка ў Новалукомлі (Чашніцкі раён Віцебскай вобласці). Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар УВУП ЖКГ "Камунальнік" Новалукомля Леанід Палоннік.
Для эксперыменту вызначаны два новыя жылыя пяціпавярховыя дамы. У адным з іх будуць устаноўлены святлодыёдныя свяцільнікі вытворчасці НАН Беларусі, у іншым – звычайныя свяцільнікі з лямпамі напальвання. Абодва дамы абсталяваны аўтаматычнымі сістэмамі кіравання - датчыкамі руху, дзякуючы якім святло на лесвічных пляцоўках гарыць толькі тады, калі там ёсць людзі. У працэсе эксплуатацыі двух тыпаў свяцільнікаў спецыялістамі на працягу сакавіка будуць супастаўляцца іх святлатэхнічныя параметры, энергаэфектыўнасць, выдаткі па эксплуатацыі, надзейнасць. Па выніках такога аналізу будуць зроблены высновы аб эфектыўнасці прымянення святлодыёдных лямпаў.
Святлодыёдныя свяцільнікі ўжо ўстаноўлены ў эксперыментальным доме. Па словах Леаніда Палонніка, жыхары паспелі адзначыць, што святлодыёд магутнасцю 9,8 Вт свеціць значна ярчэй, чым звычайная лямпачка магутнасцю 40 Вт, пры гэтым святло камфортнае для вачэй. Па папярэдніх падліках, выкарыстанне сучасных лямпаў дазволіць толькі на адным доме зэканоміць 657 кВт электраэнергіі ў год. Акупнасць новай распрацоўкі беларускіх вучоных складае 3,5 года.
Як адзначыў Леанід Палоннік, выконваючы палажэнні Дырэктывы №3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы", прадпрыемства "Камунальнік" актыўна працуе над укараненнем энергазберагальных тэхналогій. Аднымі з першых у Віцебскай вобласці новалукомльскія камунальнікі абсталявалі шматкватэрныя дамы датчыкамі руху. Дзякуючы гэтаму на адным доме ў год эканоміцца 219 кВт электраэнергіі. Прадпрыемства замяніла ў жылых дамах цеплаабменнікі, укараніла дыстанцыйны ўлік спажывання вады. Гарадскія вуліцы асвятляюцца з дапамогай аўтаматычных сістэм. Дзякуючы энергазберагальным мерапрыемствам у 2010 годзе камунальнікі зэканомілі Br119 млн. Дадатковыя даходы ідуць на бягучы і капітальны рамонты жылога фонду, а таксама на далейшае ўкараненне новых энергаэфектыўных тэхналогій.
Па ацэнках экспертаў, замена толькі паловы вулічных і цяплічных свяцільнікаў на святлодыёдныя ў Беларусі забяспечыць эканомію электраэнергіі, эквівалентную электрычнай магутнасці 50 такіх мясцовых ЦЭЦ, як Пружанская.
У адрозненне ад кампактных люмінесцэнтных лямпаў, якія таксама прыходзяць на змену традыцыйным лямпам напальвання, святлодыёдныя валодаюць высокім індэксам каляраперадачы асвятляемых аб'ектаў, служаць каля 10 гадоў незалежна ад частаты цыклаў уключэння-выключэння, вандалаўстойлівыя, ствараюць камфортны зрокавы эфект.
Энергаэфектыўныя святлодыёдныя вулічныя свяцільнікі і святлодыёдныя свяцільнікі для ЖКГ распрацаваны Цэнтрам святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі. Арганізацыя вытворчасці дадзенай прадукцыі ажыццяўляецца на прадпрыемствах НАН Беларусі. З снежня 2010 года ў канструктарска-вытворчым унітарным прадпрыемстве "ЦКБ" НАН Беларусі пачаты серыйны выпуск святлодыёдных свяцільнікаў для ЖКГ, а ў красавіку бягучага года запланаваны серыйны выпуск святлодыёдных вулічных свяцільнікаў. -0-