Пілоты пяці краін возьмуць удзел у "Еўракубку-2010" па авіямадэльным спорце ў Віцебску

3 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па авіямадэльным спорце "Еўракубак-2010" пройдуць у Віцебску 5-6 чэрвеня з удзелам пілотаў з пяці краін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Спаборніцтвы авіямадэлістаў такога ўзроўню ўпершыню пройдуць у абласным цэнтры, адзначылі спецыялісты. На лётным полі Віцебскага аэраклуба імя А.Гаравца ДТСААФ збяруцца каля 40 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі і Малдовы. Удзельнікі будуць выяўляць наймацнейшых у паветраных баях на авіямадэлях-копіях самалётаў часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Мадэлі выкананы ў маштабе адпаведна 1*8 і 1*12, яны з'яўляюцца копіямі самалётаў, пабудаваных у перыяд Першай сусветнай і ў прамежку 1935-1945 гадоў. Пілотам трэба будзе прайсці некалькі тураў, па выніках якіх будуць вызначаны ўдзельнікі "фіналу Першай сусветнай" і "фіналу Другой сусветнай". У двух фінальных баях сыдуцца ў небе па сем найлепшых спартсменаў. Палёты мадэляў імітуюць рэальны паветраны бой. Кожная копія мае 12-метравую стужку і задача пілота - адсекчы стужкі супернікаў і захаваць сваю. Пры вызначэнні пераможцаў таксама ўлічваецца час знаходжання мадэляў у паветры (кожны тур доўжыцца па 7 хвілін). Пераможцы ў дзвюх катэгорыях будуць узнагароджаны кубкамі, а прызёры атрымаюць медалі і дыпломы. Спецыяльны прыз лепшаму пілоту сярод юніёраў заснаваў Віцебскі гарвыканкам. Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць гарвыканкам, абласная арганізацыйная структура ДТСААФ і Віцебскі аэраклуб імя А.Гаравца.-0-