Пяць аўтамабіляў прадстаўніцкага класа будуць у распараджэнні зорак - удзельнікаў «Славянскага базару».
19 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пяць аўтамабіляў прадстаўніцкага класа спецыяльна замоўлены ў Мінску для самых імянітых удзельнікаў міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", раскрыў сёння журналістам сакрэты перадфестывальнай падрыхтоўкі генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск" Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нічога асаблівага ў тым, што дырэкцыя наймае спецыяльныя аўтамабілі, няма, так робяць ва ўсім свеце, выконваючы райдары вядомых артыстаў", - заявіў Радзівон Бас. Mercedes Benz S-класа W220 і W221 на працягу ўсяго фестывалю будуць у распараджэнні знакамітасцей. А іх, па словах Радзівона Баса, на цяперашнім фестывалі як ніколі шмат, прычым гаворка ідзе не толькі аб Кіркораве, Лявонцьеве, Баскаве, Паўлюсе, Ратару, Вайкуле, але і аб зорках еўрапейскай велічыні: Сары Коннор, Ларэ Фабіян, а таксама аб Аляксандры Рыбаку, які стаў аднамомантна папулярным. Дарэчы, малады нарвежскі артыст беларускага паходжання прабудзе ў Віцебску менш за суткі, але паспее праспяваць сваю "Казку" і "Купалінку" на канцэрце ўрачыстага адкрыцця, пагутарыць з прэсай і, верагодна, пабываць у гасцях у сваіх блізкіх, якія жывуць у Віцебску.
Калі графік знаходжання Рыбака вядомы і пралічаны да хвіліны, то знаходжанне Дольфа Лундгрэна - маёра Фрэнка Кроса з амерыканскага баявіка "Міратворац" на "Славянскім базары" пакрыта заслонай таямніцы. Акцёр заяўлены ў афішы канцэрта ўрачыстага адкрыцця. Аднак толькі гэтым праграма яго знаходжання ў Віцебску не абмяжуецца. Чакаецца, што ён пакажа майстар-клас па каратэ кёкусінкай выхаванцам адной з дзіцячых спартыўных школ Віцебска і будзе ўважліва сачыць за ходам конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, верагодна, каб уручыць уласны прыз. -0-