Пяць ініцыятываў у ахове здароўя з Віцебскай вобласці атрымаюць гранты па праекце ЕС-АНА
У Віцебску 8 снежня адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў першага конкурсу мясцовых ініцыятываў, накіраваных на паляпшэнне здароўя беларусаў і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў. Спецыяльныя сертыфікаты ПРААН і Еўрапейскага саюза атрымаюць пяць аўтараў ініцыятываў. Гэта Сенненская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання \"Беларускі саюз жанчын\", Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, аддзел адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама, Віцебскае абласное моладзевае грамадскае аб'яднанне \"Цэнтр садзейнічання тэрытарыяльнаму развіццю і прававому інфармаванню \"Перспектыва\", грамадскае аб'яднанне прагрэсіўнага развіцця \"Полацкі цэнтр мясцовых ініцыятываў\".
У выніку рэалізацыі планаў пераможцаў у Віцебскай вобласці з'явяцца новы гульнявы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, пляцоўкі для варкаўта, некалькі аздараўленчых сцежак для скандынаўскай хадзьбы, спартыўна-забаўляльны комплекс - вяровачны гарадок для дзяцей і дарослых. Таксама 18 медыцынскіх работнікаў фельчарска-акушэрскіх пунктаў будуць забяспечаны электравеласіпедамі, што зробіць аказанне першаснай медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву больш аператыўным. І будзе дадзены старт правядзенню фестывалю здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку пад агульнай назвай \"Рука ў руцэ!\". Актуальнасць ініцыятываў, як і ў цэлым праекта БЕЛМЕД, абумоўлена тым, што каля 90% усіх смерцяў у Беларусі звязана з неінфекцыйнымі захворваннямі. Курэнне і высокае спажыванне алкаголю, нездаровае харчаванне і недастатковая фізічная актыўнасць павышаюць рызыку ўзнікнення такіх захворванняў.
Ініцыятывы, якія будуць рэалізаваны па выніках конкурсу, якраз накіраваны на барацьбу з гэтымі фактарамі рызыкі. Праект БЕЛМЕД фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ў Беларусі
ПРААН, САЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.Кацярына Князева – БЕЛТА.