Пяць машын хуткай дапамогі папоўнілі аўтапарк бальніц Віцебскай вобласці

Пяць новых машын хуткай медыцынскай дапамогі перададзены рэгіянальным установам аховы здароўя Віцебскай вобласці. Цырымонія адбылася сёння ў Наваполацку.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі, заснавальнік групы кампаній ТАА "Інтэрсервіс" (Наваполацк) Мікалай Верабей, якая выступіла спонсарам набыцця аўтатранспарту, прадстаўнікі медустаноў вобласці. Ключы ад аўтамабіляў уручаны галоўным урачам Полацкай, Расонскай і Наваполацкай бальніц. Два аўтамабілі адправяцца ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу.

Значнасць падтрымкі бізнес-супольнасці ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй і дадзенай акцыі адзначыў Міхаіл Вішневецкі. "Машыны хуткай медыцынскай дапамогі знаходзяцца на першым рубяжы аказання дапамогі пацыентам у любой складанай або экстраннай сітуацыі. Ад хуткасці іх прыбыцця на месца выкліку, аснашчэння залежыць многае", - падкрэсліў кіраўнік ведамства. Ён выказаў словы падзякі наваполацкаму прадпрыемству за адказную сацыяльную пазіцыю. Раней арганізацыя перадала адзін аўтамабіль хуткай дапамогі для Верхнядзвінскай бальніцы, а агульная сума аказанай спонсарскай дапамогі, накіраванай у тым ліку на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны і медыцынскага абсталявання, склала звыш Br890 тыс.

"Сённяшняя падзея стала пацвярджэннем таго, наколькі важна быць неабыякавым да лёсу сваёй малой радзімы. Сярод нас ёсць мноства неабыякавых людзей, гатовых падставіць плячо дапамогі ў няпростую для ўсіх хвіліну. Я шчыра ганаруся, што прадпрыемствы Наваполацка, грамадскія арганізацыі і проста жыхары горада ў складанай сітуацыі дапамаглі нашым медыкам", - падкрэсліў мэр Наваполацка.

БЕЛТА.