Віцебская абласная філармонія падрыхтавала пяць музычных вечароў на адкрытым паветры з нагоды свайго 25-годдзя
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею пачнуцца 25 мая. Гэта канцэрты сімфанічнай, вакальнай, камернай музыкі і вечар нацыянальнага мастацтва. Адкрыццё праекта, які носіць назву «Пяць вечароў з філармоніяй», пройдзе ва ўнутраным дворыку, дзе гледачоў чакае нямала сюрпрызаў. Па словах мастацкага кіраўніка ўстановы культуры Нэлі Мацаберыдзэ, канцэрты класічнай музыкі на адкрытым паветры былі надзвычай папулярныя ў Віцебску ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, калі ў горадзе існаваў сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Мікалая Малько. Гэту традыцыю артысты філармоніі вырашылі адрадзіць.
Так супала, што разам з установай культуры юбілеі адзначаюць два яго калектывы: актает балалаек «Віцебскія віртуозы» і ансамбль «Талака». Гэтым датам прысвечаны два вечары ў рамках праекта. Завершацца «Пяць вечароў з філармоніяй» вялікім гала-канцэртам закрыцця XXV канцэртнага сезона з удзелам артыстаў і калектываў, якія выканаюць усё самае лепшае і любімае са свайго рэпертуару.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"