Пяць прадпрыемстваў Віцебшчыны прэтэндуюць на званне «Чэмпіён смаку»

На базе Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа адбыўся першы этап дзясятага народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку». Прадстаўнікі даследчых інстытутаў, лабараторый, навучальных устаноў, харчовых прадпрыемстваў, шэф-кухары, гэта значыць спецыялісты, якія лепш за ўсіх ведаюць, якім павінен быць смак якаснага і выпрацаванага з захаваннем усіх тэхналогій прадукту, метадам сляпой дэгустацыі адабралі для народнага даследавання самыя годныя ўзоры сярод суцэльнамалочнай прадукцыі, сыроў, мясных і каўбасных вырабаў.

Па рашэнні экспертнай дэгустацыйнай камісіі ў фінал «Чэмпіёна смаку» выйшлі 33 прадпрыемствы, у тым ліку 5 прыдзвінскіх – Віцебскі мясакамбінат, Глыбоцкі і Лепельскі малочнакансервавыя камбінаты, Полацкі малочны камбінат і Пастаўскі малочны завод.

Ці ўдасца прадукцыі нашых вытворцаў заваяваць узнагароды, стане вядома сёння на выставе «Белагра-2016», у межах якой пройдуць народныя дэгустацыі. Прыняць у іх удзел і пакінуць свой голас за прадукт, які спадабаўся, зможа любы ахвотны. Аднак самая галоўная інтрыга конкурсу – як складзецца грамадскае меркаванне і наколькі сур'ёзнай акажацца канкурэнцыя – адкрыецца толькі перад узнагароджаннем. Бо на гэтай пляцоўцы аб смаках будуць спрачацца.

Алена Пятрова, «Віцебскія весці».