Пяць праектаў па рэалізацыі мясцовых грамадзянскіх ініцыятыў з Віцебскай вобласці атрымалі гранты
Сацыёлагі кажуць, у грамадстве звычайна не больш за 5 – 7% актыўных грамадзян, здольных у добрым сэнсе слова будаваць іншых і дамагацца вырашэння актуальных для канкрэтнага населенага пункта праблем, не разлічваючы на дзяржаву ці мясцовую ўладу. Накіраваўшы гэту энергію ў правільнае рэчышча, можна шмат чаго дамагчыся.
За круглым сталом у Віцебску прадстаўнікі выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў, члены фонду ім. Льва Сапегі абмеркавалі вопыт працы па прасоўванні і рэалізацыі мясцовых грамадзянскіх ініцыятыў.
– Дадзеная тэма знаходзілася нейкі час на перыферыі грамадскага абмеркавання, – адзначыў старшыня праўлення ПАА «Фонд ім. Льва Сапегі» Міраслаў Кобаса. – Сёння яна выходзіць на першы план. Стала відавочна: рухацца наперад без зацікаўленага ўдзелу жыхароў рэгіёнаў у паляпшэнні якасці жыцця складана.
Дзесяцігоддзямі эксплуатаваны ўтрыманскі стэрэатып «дзяржава павінна і абавязана» трэба мяняць. Сёння ёсць больш за дзясятак формаў сувязі грамадзян з уладай, замацаваных заканадаўча. Самая папулярная – звароты грамадзян. Апошнім часам людзі сталі ўсё часцей уносіць свае прапановы па развіцці інфраструктуры новых мікрараёнаў індывідуальнай забудовы ў гарадах і іншых населеных пунктах. Знаходзяцца нават гатовыя ўкладваць уласныя сродкі ў падключэнне электрычнасці, пракладку вода- і цепласетак, добраўпарадкаванне дарог, не чакаючы, калі будуць выдзелены сродкі з дзяржаўнай казны. Міраслаў Кобаса спадзяецца, што ў Беларусі будзе ўзаконены такі інструмент, як бюджэт грамадзянскага ўдзелу, які дазваляе атрымаць бюджэтную падтрымку на рэалізацыю падобных задумак. Гэта форма працуе ў многіх краінах, у тым ліку ў Польшчы, Літве, Украіне.
Прыкладаў практыкі грамадзянскага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні нямала. На конкурсе «Тандэм V», арганізуемым фондам ім. Льва Сапегі, з Віцебскай вобласці было прадстаўлена 12 міні-праектаў. Гэта менш, чым з іншых рэгіёнаў, але нашы ўдзельнікі ўзялі якасцю: пяць праектаў атрымалі гранты.
З дапамогай гэтых сродкаў будзе добраўпарадкавана ліўневая каналізацыя ў Асінторфе Дубровенскага раёна, створана інфраструктура шматфункцыянальнага безбар'ернага спартыўна-дасугавага комплексу ў Ліёзне, добраўпарадкавана рэкрэацыйная зона, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі ў Должа, дабудавана спортпляцоўка ў Альгове Віцебскага раёна, добраўпарадкаваны двары ў Шуміліне.
У мінулым годзе ў Дубровне рэалізаваны праект «Захаваем спадчыну разам». Парк у райцэнтры знаходзіўся доўгі час у занядбанні. Ініцыятыўная група грамадзян «Дуброва» з ліку настаўнікаў, якую ўзначаліў Сяргей Ціцянок, узяла на сябе адказнасць за лёс парку і напісала праект, які атрымаў грант фонду ім. Льва Сапегі.
– Настаўнікі многае робяць сваімі рукамі ў перыяд падрыхтоўкі школы да навучальнага года: абкошваюць тэрыторыю, фарбуюць сцены, рамантуюць парты, такім чынам, умеюць выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы, – падзяліўся кіраўнік ініцыятыўнай групы. – Гэту мадэль мы перанеслі на населены пункт і даказалі: выкарыстоўваючы патэнцыял актывістаў, можна рэалізаваць задачы, важныя для ўсяго насельніцтва. У фінансавым і працоўным тандэме з партнёрамі – жыллёва-камунальным прадпрыемствам і ільназаводам – мы добраўпарадкавалі парк.
– На Віцебшчыне налічваецца 6221 вёска, у 45% з іх пражываюць да 10 чалавек. Каб ніводны, нават малы аддалены населены пункт не застаўся па-за ўвагай улады, звязваючай ніткай служыць інстытут старэйшын, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – Варта ўлічыць і так званыя мясцовыя грамадзянскія ініцыятывы, каб сумесна фінансаваць і рэалізоўваць важныя для насельніцтва праекты.