Пяць рэсурсных цэнтраў для ўстаноў прафтэхадукацыі ствараюцца ў Віцебскай вобласці
22 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пяць рэсурсных цэнтраў для ўстаноў сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ствараюцца ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
На базе Аршанскага ПТВ №110 і прафесійнага ліцэя будаўнікоў №2 у Віцебску камплектуюцца рэсурсныя цэнтры, якія спецыялізуюцца на падрыхтоўцы кадраў для будаўнічай галіны. Спецыялісты для сельскай гаспадаркі будуць удасканальваць свае практычныя навыкі ў рэсурсных цэнтрах Гарадоцкага і Пастаўскага прафесійна-тэхнічных каледжаў, а будучыя работнікі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці - у ліцэі №4 Віцебска. На 70% для гэтых устаноў адукацыі ўжо закуплена самая сучасная тэхніка і абсталяванне. Пры гэтым папаўненне і абнаўленне іх тэхнічнага парку вядзецца пастаянна.
Іван Шчурок адзначыў, што рашэнне аб фарміраванні ў рэгіёне двух рэсурсных цэнтраў сельскагаспадарчага і будаўнічага профіляў прынята ў сувязі з высокай запатрабаванасцю кваліфікаваных спецыялістаў гэтых галін на рынку працы і зацікаўленасцю моладзі ў атрыманні такіх спецыяльнасцей.
У структуру прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці ўваходзіць 35 навучальных устаноў, у якіх навучаюцца 15,1 тыс. чалавек. На ўдасканаленне працэсу навучання і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтых навучальных устаноў па Дзяржаўнай праграме развіцця прафтэхадукацыі ў 2009 годзе выдзелена каля Br4 млрд.
***Крыніца: Поўны тэкст інтэрв'ю выйдзе на стужцы навін і будзе размешчаны на сайце БЕЛТА.-0-