Пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве падпісаны на міжнароднай бізнес-канферэнцыі ў Віцебску
Дагаворы аб партнёрстве заключылі Наваполацк і Бузулук (Арэнбургская вобласць), Чашніцкі і Бузулукскі раёны, дэпутацкі корпус Віцебскага і Іванаўскага раёнаў аднайменных абласцей, а таксама Віцебскі абласны саюз наймальнікаў і Арэнбургскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Акрамя таго, пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі адміністрацыя СЭЗ "Віцебск" і пакістанскае агенцтва "Давуд Консалт".
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч адзначыў, што сёння ў актыве Віцебскай вобласці 22 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Расіі ў пяці федэральных акругах. Акрамя таго, адміністрацыі гарадоў і раёнаў развіваюць партнёрскія ўзаемаадносіны з 76 расійскімі муніцыпальнымі ўтварэннямі. "Гэта нашы добрыя суседзі і сябры, мы заўсёды будуем адносіны так, каб яны былі выдатнымі і давалі вынік", - падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама.
На нядаўнім IV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў актыве ў Віцебскай вобласці два пагадненні аб супрацоўніцтве са Стаўрапольскім краем і Саратаўскай вобласцю. Толькі ў бягучым годзе абласная дэлегацыя на чале з губернатарам Мікалаем Шарсцянёвым наведала Валгаградскую, Астраханскую і Цвярскую вобласці.
"Для таго каб эканамічны патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва быў вышэй, неабходна больш актыўна задзейнічаць рэсурс такіх пагадненняў аб партнёрстве паміж рэгіёнамі, уцягваць у гэты працэс прадпрыемствы, прадпрымальніцкія колы, бізнес-асацыяцыі, гандлёва-прамысловыя палаты і іншыя структуры", - адзначыў Алег Мацкевіч. У канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі ўлады і бізнесу пяці расійскіх абласцей, а таксама бізнесмены з Літвы, Славакіі і Пакістана. У праграме двухдзённага форуму, акрамя пленарнага пасяджэння і прэзентацыі дзелавога патэнцыялу раёнаў Віцебскай вобласці, прадугледжана правядзенне
кантактна-кааперацыйнай біржы, арганізавана праца секцый "СЭЗ як перспектыўная пляцоўка для прыцягнення знешніх інвестыцый" і "Міжнародная эканамічная і навукова-тэхнічная кааперацыя", наведванне прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Віцебскі абл- і гарвыканкам, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу", адміністрацыя СЭЗ "Віцебск" і абласны саюз наймальнікаў.