Пяцёра спартсменаў ад Віцебскай вобласці прымуць удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане

У ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульнях возьмуць удзел пяць прадстаўнікоў Віцебскай вобласці.

Сёння праходзіць цырымонія адкрыцця Алімпіяды-2018 у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. На працягу лютага лепшыя спартсмены свету разыграюць 102 камплекты медалёў. Ад нашай краіны будуць выступаць каля 30 чалавек.

— Па выніках выступленняў на кваліфікацыйных стартах Віцебшчыну ў складзе беларускай дэлегацыі будуць прадстаўляць біятланістка Ірына Крыўко, канькабежцы Віталь Міхайлаў і Ксенія Садоўская, лыжнік Міхаіл Сямёнаў і шорт-трэкіст Максім Сяргееў, — сказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Васіль Захарэвіч.

Як падкрэсліў Васіль Аляксеевіч, паказаць годны вынік на лыжні і лёдзе здольны кожны з хлопцаў. Але асаблівыя надзеі, вядома, ускладаюцца на Ірыну Крыўко, якая стала нядаўна галоўнай сенсацыяй на Кубку свету па біятлоне ў французскім Ансі: фінішавала на другім месцы ў мас-старце.

Усім кандыдатам на ўдзел у Гульнях былі створаны максімальна эфектыўныя ўмовы для арганізацыі і правядзення вучэбна-трэніровачнага працэсу, забяспечана медыцынскае суправаджэнне.

"Віцебскія весці".