Пяцёра спартсменаў прадставяць Віцебскую вобласць на I летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Сінгапуры

26 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пяцёра спартсменаў у чатырох відах спорту будуць прадстаўляць Віцебскую вобласць на I летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць з 14 па 26 жніўня ў Сінгапуры. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік аддзела ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Аляксандр Жураўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У склад нацыянальнай зборнай каманды ўвайшлі Святлана Макштарава і Алег Рабцаў (скачкі на батуце), Канстанцін Хвіюзоў (веласпорт), Яўген Залескі (лёгкая атлетыка) і Яраслаў Пронін (плаванне). Па словах трэнера батутыстаў Уладзіміра Шулькіна, верагоднасць паспяховага выступлення віцебскіх выхаванцаў высокая, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, асабліва сярод юнакоў. "Святлана зможа пазмагацца за прызавыя месцы, пры гэтым калі яна пакажа ўсё, што ўмее, то медаль ёй забяспечаны", - упэўнены настаўнік. Сярод асноўных канкурэнтаў ён назваў спартсменаў Кітая, Расіі, Канады і ЗША, аднак нашы батутысты гатовыя супернічаць з імі на роўных. У спаборніцтвах сярод юнакоў Алегу Рабцаву пастаўлена задача ўвайсці ў васьмёрку фіналістаў. "Алег з'яўляецца хуткапрагрэсуючым спартсменам, за апошні год ён зрабіў значны рывок наперад, аднак яму пакуль не хапае "гадзін налёту", - лічыць Уладзімір Шулькін. На спаборніцтвах такога ўзроўню вельмі многае залежыць ад псіхалагічнага стану спартсменаў, а віцябляне настроены па-баявому і будуць старацца годна прадставіць і краіну, і вобласць на міжнароднай арэне, падкрэсліў ён. У сваю чаргу ўпраўленне фізічнай культуры аблвыканкама пастаралася забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы для падрыхтоўкі членаў нацыянальнай каманды да Алімпіяды, адзначыў Аляксандр Жураўскі. Падтрымка аказваецца таксама спартыўным школам, каб у перспектыве павялічыць колькасць прадстаўнікоў Віцебскай вобласці ў нацыянальнай алімпійскай зборнай. Сёлета сем спортшкол перададзены на баланс абласнога ўпраўлення спорту з упраўлення адукацыі, цяпер завяршаецца інвентарызацыя і пралічваецца аб'ём фінансавання іх рэканструкцыі, капітальнага рамонту, а таксама аснашчэння сучасным спартінвентаром і абсталяваннем. Акрамя таго, сёлета плануецца завяршыць капрамонт двух спартыўных аб'ектаў у абласным цэнтры, на базе якіх будзе адкрыта вучэльня алімпійскага рэзерву па адзінаборствах. У стадыі разгляду пытанне аб перадачы ў раённую камунальную ўласнасць спорткомплекса "Раўбічы" ў Гарадоцкім раёне, дзе прадугледжваецца стварыць вучэльня алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту, дадаў Аляксандр Жураўскі. Першыя летнія юнацкія алімпійскія гульні праводзяцца па рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта. Усяго ў Алімпіядзе возьмуць удзел больш за 3,5 тыс. спартсменаў (ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў) у 29 відах спорту, якія ўключаюць 201 дысцыпліну. Разам са спартыўнымі спаборніцтвамі падчас Алімпіяды будзе арганізавана шырокая культурна-адукацыйная праграма, мэтай якой з'яўляецца знаёмства маладых спартсменаў з алімпійскімі каштоўнасцямі, пашырэнне супрацоўніцтва, умацаванне дружбы і ўзаемаразумення паміж спартсменамі розных краін.