Пяцёра жыхароў Віцебскай вобласці панеслі крымінальнае пакаранне за жаданне прайсці тэхагляд, мінуўшы станцыю
17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пяць жыхароў Віцебскай вобласці панеслі крымінальную адказнасць за жаданне атрымаць адзнаку аб праходжанні тэхагляду, мінуўшы тэхнічную станцыю. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама.
У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікам міліцыі ўдалося высветліць, што беспрацоўны жыхар Віцебска прапаноўваў аўтааматарам садзейнічанне ў атрыманні сертыфікатаў аб праходжанні тэхнічнага агляду аўтамабіля і выдачы допуску да ўдзелу ў дарожным руху без прад'яўлення транспартнага сродку для агляду на станцыю. Кошт паслугі ацэньваўся ў Br130-150 тыс. Як тлумачыў беспрацоўны, грошы прызначаліся для перадачы нейкай службовай асобе УП "Белтэхагляд". Праз некалькі дзён аўтаўладальнік атрымліваў сертыфікат з усімі неабходнымі адбіткамі штэмпеляў.
Ахвотных прайсці тэхагляд такім спосабам аказалася нямала. Толькі па Віцебску супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі 6 фактаў, яшчэ 11 выпадкаў устаноўлена па Гарадоцкім раёне. Падчас следства высветлілася, што ўсе штэмпелі былі падробленымі, а грошы нікому са супрацоўнікаў "Белтэхагляду" не перадаваліся.
Крымінальныя справы былі ўзбуджаны не толькі ў дачыненні да віцябляніна, але і ў дачыненні да чатырох жыхароў Гарадоцкага раёна. Першага суд прызнаў вінаватым у падбухторванні да дачы хабару, махлярстве, падробцы дакументаў і штэмпеляў і прыгаварыў да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Нядачлівыя аўтаўладальнікі судом таксама прызнаны вінаватымі ў замаху на дачу хабару, у пасобніцтве ў падробцы афіцыйных дакументаў і ў выкарыстанні падробленых дакументаў. Іх прыгаварылі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.-0-