Пяцігадовага хлопчыка ад падзення з трэцяга паверха выратавалі ў Воршы супрацоўнікі МНС

18 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аршанскія ратавальнікі сёння раніцай выратавалі пакінутага без нагляду пяцігадовага хлопчыка, які ледзь не выпаў з трэцяга паверха. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Паведамленне паступіла ў 5 гадзін ад жанчыны з суседзкага дома. Хлапчук нейкім чынам апынуўся на парэнчах балкона і ўтрымліваўся ад падзення за бялізнавыя вяроўкі. Ратавальнікі з дапамогай трохкаленнай лесвіцы знялі малога з парэнчаў і перамясцілі ў кватэру. Нягледзячы на такі ранні час, дома нікога з дарослых не аказалася. У ходзе разбіральніцтва было ўстаноўлена, што юны аршанец пражывае з мамай і бабуляй. Напярэдадні позна ўночы маці з'ехала ў Кіеў, а бабуля знаходзілася ў гасцях у сяброўкі ў суседнім доме. Прачнуўшыся, дзіця выйшла на балкон, дзверы якога не замыкаліся ў летні перыяд. -0-