Пятнаццаць зорак-дуэтаў выступяць у Віцебску на фестывалі творчасці інвалідаў па зроку

27 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пятнаццаць зорных дуэтаў праспяваюць для гасцей і жыхароў Віцебска на фестывалі творчасці інвалідаў па зроку "Запалі сваю зорку", які пройдзе 29 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі ГА "БелТІЗ".

Удзельнікамі сацыяльнага праекта стануць чатырнаццаць індывідуальных выканаўцаў і адзін творчы калектыў - ВІА "Сталіца" - грамадскага аб'яднання "БелТІЗ". Усе яны выйшлі пераможцамі ў адборачных турах фестывальнага марафону. Разам з самадзейнымі артыстамі "БелТІЗ" на сцэну Летняга амфітэатра выйдуць зоркі беларускай эстрады, у тым ліку Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, Пётр Ялфімаў, Аляксандр Саладуха, Аляксандр Патліс, Аляксей Хлестаў, Улада, Ганна Шаркунова, Леся Кодуш, Георгій Калдун, Марына Васілеўская.

На музычным форуме ў Віцебску будуць нараджацца новыя дуэты - кожны са знакамітых выканаўцаў выступіць партнёрам кагосьці з фіналістаў. Хоць дуэты сфарміраваліся крыху раней, калі вызначыўся склад удзельнікаў гала-канцэрта фестывалю. Тады ж з'явілася магчымасць у фіналістаў фестывалю і зорак эстрады вызначыць найбольш аптымальныя дуэты і пачаць рэпеціраваць. У віцебскіх гледачоў будзе ўнікальная магчымасць убачыць вынік напружанай творчай працы і стаць сведкамі нараджэння зорных дуэтаў непасрэдна на гала-канцэрце фестывалю.

Асноўнай мэтай гэтага сацыяльнага праекта з'яўляецца падтрымка таленавітых маладых інвалідаў па зроку і прапаганда іх творчасці.

Праект рэалізуецца ГА "БелТІЗ" пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі. Сацыяльнымі партнёрамі праекта выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Віцебская абласная арганізацыя і прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы ГА "БелТІЗ".-0-