Пятае ў Віцебскай вобласці аддзяленне гемадыялізу адкрылася ў Пастаўскай раённай бальніцы
9 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пятае па ліку ў Віцебскай вобласці аддзяленне гемадыялізу адкрылася ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач бальніцы Уладзімір Чакавы.
У новым аддзяленні працуюць два апараты штучнай ныркі, набытыя за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. З раённага бюджэту на рамонт памяшкання і набыццё дадатковага абсталявання накіравана каля Br400 млн. Мясцовыя ўрачы прайшлі спецыялізаваную падрыхтоўку ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Адкрыццё аддзялення ў пастаўскай бальніцы дасць магчымасць палепшыць не толькі якасць жыцця хворых, але і аказваць спецыялізаваную дапамогу ў выпадку траўм і вострых харчовых атручванняў.
У пазанырачным ачышчэнні крыві маюць патрэбу 10 жыхароў раёна. Раней яны 2-3 разы на тыдзень вымушаны былі ездзіць на жыццёва важную працэдуру ў Глыбокскую раённую бальніцу, размешчаную за 70 км ад Пастаў. Як адзначыў Уладзімір Чакавы, аснашчэнне раённых бальніц апаратамі штучнай ныркі з'яўляецца паказчыкам развіцця медыцыны ў краіне і абавязкова адаб'ецца на рэалізацыі праграмы дэмаграфічнай бяспекі.
Акрамя Пастаў аддзяленні гемадыялізу працуюць у бальніцах Віцебска, Полацка, Оршы і Глыбокага.-0-