Пятыя суткі шукаюць у Гарадоцкім раёне зніклага пенсіянера-грыбніка
11 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пятыя суткі безвынікова шукаюць у Гарадоцкім раёне (Віцебская вобласць) зніклага пенсіянера-грыбніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў раённым аддзеле ўнутраных спраў.
Жыхар Гарадка Мікалай Шалаўка, 1922 года нараджэння, 5 верасня адправіўся ў лес па грыбы разам з сынам і ўнукам. Месцы выбралі знаёмыя - на тэрыторыі гідралагічнага заказніка "Карыцінскі мох" у раёне вёскі Грыбалі, адкуль родам пенсіянер. Аднак у лесе грыбнікі размінуліся, і дадому пажылы мужчына не вярнуўся.
У пошукавых мерапрыемствах штодня задзейнічаны больш за 40 супрацоўнікаў мясцовага РАУС, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Гарадоцкага лясгаса, а таксама сваякі зніклага і прадстаўнікі грамадскасці. Сітуацыю ўскладняе балоцістая мясцовасць у раёне пошуку, адзначылі ў РАУС.
Яшчэ адна пошукавая аперацыя разгорнута ў Расонскім раёне. У мясцовы аддзел унутраных спраў звярнуліся па дапамогу калегі з суседзкага Невельскага раёна (Расія), дзе ўжо са жніўня вядуцца пошукі жыхара Масквы, 1933 года нараджэння. Ён адпачываў на возеры Усвеча на расійскай тэрыторыі. Адправіўшыся на пошукі пратокі, які злучае азёры Усвеча і Глыба ў Расонскім раёне, мужчына, верагодна, заблудзіўся. Пакуль яго месцазнаходжанне ўсталяваць не ўдалося.-0-