Плян паляпшэння транспартнай сітуацыі ў Полацку будзе распрацаваны да канца 2016 года
Канчатковая версія плана ўстойлівай гарадской мабільнасці Полацка будзе распрацавана да канца 2016 года, а асноўныя палажэнні дакумента ў перспектыве плануецца ўнесці ў генеральны план горада. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў фондзе "Інтэракцыя".
Паляпшэнню транспартнай сітуацыі ў Полацку быў прысвечаны круглы стол, за якім 20 лістапада сабраліся прадстаўнікі гарадскіх улад, грамадскасці і эксперты. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Полацкага райвыканкама, ДАІ, ЖКГ, аўтобуснага парка №2 і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва горада, а таксама эксперты УП "БелНДІПгорадабудаўніцтва" і Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвейераў на транспарце (гэтыя арганізацыі выйгралі тэндар на распрацоўку плана ўстойлівай гарадской мабільнасці). Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі арганізацыю адзінай сістэмы пракату веласіпедаў у Полацку і Наваполацку, стварэнне грамадскіх гаражоў, дзе полачане і наваполачане маглі б захоўваць веласіпеды зімой, аптымізацыю раскладу полацкіх маршрутных таксі з публікацыяй гэтых раскладаў у інтэрнэце.
Для таго каб у плане былі адлюстраваны інтарэсы веласіпедыстаў, кіроўцаў і пешаходаў, была ўтворана грамадская рабочая група па пытаннях гарадской мабільнасці. Уступіць у яе можа кожны, хто хоча зрабіць Полацк горадам, зручным для жыцця.
Зараз у групе прадстаўлены многія грамадскія арганізацыі: БРСМ, Камітэт грамадскага самакіравання, "Экадом", Беларускае таварыства інвалідаў. Цікавасць да праекта выказаў і бізнес: полацкі веламагазін і наваполацкі велапракат. Да супольнасці таксама далучылася буйная полацкая радыёстанцыя, якая стала арганізатарам велапрабегу ў Полацку гэтым летам.
Распрацоўка плана ўстойлівай гарадской мабільнасці стартавала ў Полацку вясной гэтага года. Дакумент прызваны стаць доўгатэрміновай стратэгіяй для вырашэння транспартных праблем горада. Напрыклад, ужо цяпер на 1 тыс. палачан прыпадае больш за 320 аўтамабіляў, а ў 2004 годзе іх было менш за 160. План мабільнасці задасць напрамкі для стварэння новых дарог, развязак, маршрутаў грамадскага транспарту і веладарожак.
Бюджэт праекта складае 334 тыс. еўра, 90% гэтай сумы складае фінансаванне Еўрапейскага саюза. Партнёрамі праекта выступаюць Полацкі раённы выканаўчы камітэт і фонд "Інтэракцыя"
Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва "Інтэракцыя" - няўрадавая арганізацыя, знаходзіцца ў Мінску. Спецыялізуецца на распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца ЕС, у Беларусі і суседніх краінах.
Алена Ціханава