Пленэр партрэтнай жывапісу «Здраўнёва» у тварах і лёсах» сабраў у музеі-сядзібе Ільі Рэпіна мастакоў з Беларусі, Расіі і Украіны
У якасці мадэляў выступілі жыхары Віцебска і наваколля. Сярод іх дзеці, маладыя людзі, дзяўчаты, пенсіянеры. Кожны мастак мог выбраць сабе мадэль. Ірына Ткачэнка з Масквы піша партрэт Віялеты Барадзіч. Дзяўчынцы 10 гадоў, і яна, вядома, першы раз пазіруе для мастака. Партрэт ёй вельмі падабаецца: на ім усё нават лепш, чым у жыцці. Сама мастачка зачаравана і мадэллю, і рэпінскай сядзібай:
— Я адразу сказала: калі будзе дзіця, гатова напісаць. Гэта складана. Вобраз дзіцяці, чысціню перадаць заўсёды прывабна. Хачу з ёй яшчэ адзін палатно напісаць — у колерах. Тут узрушаюча спакойна, хочацца пісаць, не спыняючыся: плаўна, размерана і абдумана. Разумееш, чаму так шмат тут напісаў Рэпін і чаму гэтыя працы зроблены менавіта так, як зроблены. Я б адсюль і не з'язджала, хацелася б і на ноч застацца, паглядзець зоркі.
Начальнік аддзела падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД Тамара Носенка лічыць гэты пленэр незвычайным:
— Міжнародны гуманітарны праект творчай інтэлігенцыі трох краін «Мінская ініцыятыва» існуе з 2015 года. Гэта, можна сказаць, пазл культурных і навуковых праектаў, у якіх заўсёды прымаюць удзел тры краіны — Беларусь, Расія і Украіна. Першым нашым мастацкім праектам былі «Тры Сафіі». У 2017 годзе маладыя мастакі з трох краін падчас супольных пленэраў захавалі на сваіх палотнах Сафійскія саборы ў Вялікім Ноўгарадзе (Расія), Полацку (Беларусь) і Кіеве (Украіна). Пленэр у Здраўнёва праходзіць толькі ў адным месцы, але тым не менш мы яго лічым незвычайным і значным. Нам удалося адысці ад класічнага разумення пленэру: ён літаратурна-мастацкі. Мастакі пішуць не пейзажы, а партрэты, прычым гэта партрэты людзей, якія жывуць у рэпінскіх мясцінах. З кожным з іх размаўляюць пісьменнікі, і потым мы ўбачым, спадзяюся, вельмі цікавы каталог мастацкіх і літаратурных твораў, створаных у легендарным месцы.





Першымі выставу па выніках пленэру ўбачаць мінчане. Гэта адбудзецца ў канцы лістапада — пачатку снежня. Затым выстава будзе прадстаўлена ў Кіеве і Маскве.