«Плошча будучыні» і «вуліца УНОВІС» на адзін дзень з'явіліся ў Віцебску
26 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Плошча будучыні" і "вуліца УНОВіС" на адзін дзень з'явіліся ў Віцебску, які сёння працягвае святкаваць свой 1036-ы дзень нараджэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Другі дзень гулянняў адкрылі старадаўнія і цюнінгавыя аўтамабілі. Амаль шэсць дзясяткаў незвычайных машын сталі сапраўдным падарункам для захопленых хлапчукоў і дзяўчынак, якія з раніцы запаланілі "плошчу будучыні" - так старажытны Віцебск вырашыў на адзін дзень назваць сваю плошчу Перамогі і даць яе ў распараджэнне юных гараджан.
Гарадскія ўлады ўладкавалі тут ушанаванне лепшых прадстаўнікоў моладзі горада - выдатнікаў вучобы, пераможцаў рэспубліканскіх і моладзевых прадметных алімпіяд, лаўрэатаў творчых конкурсаў, маладых вучоных і спецыялістаў. Вучэбныя ўстановы напярэдадні ўступнай кампаніі арганізавалі свае прэзентацыі і падрыхтавалі канцэрты. А выстава рэтрааўтамабіляў стала наватарскай дэкарацыяй для выступленняў аматараў вулічнага спорту, байкераў і велатрыялістаў. Бліжэй да вечара "плошча будучыні" стане велізарным дыскатэчным танцполам.
Гулянні праходзяць не толькі на галоўнай плошчы Віцебска. На плошчы Свабоды сёння шукаюць самага высокага гараджаніна. Дзесяць прэтэндэнтаў ужо заявілі аб сваім удзеле ў конкурсе "Віцебскі велікан". Для тых, хто не выйшаў ростам, але не страціў дух спаборніцтва, гарадскія стадыёны далі магчымасць праявіць сябе ў спартыўных спаборніцтвах: ад футбола да скачкоў з парашутам і гонак на катамаранах. Вуліца "Праўды" на час стала "вуліцай УНОВіС" і ператварылася ў мастацкі салон. Парк культуры і адпачынку сабраў прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей, якія пражываюць у горадзе, на тэатралізаванае прадстаўленне.
Гулянні будуць праходзіць да глыбокай ночы. А для зручнасці гараджан аўтапарк працягнуў рух аўтобусаў у ноч з 26 на 27 чэрвеня да 3.00.-0-