Па факце гібелі велагоншчыцы Зінаіды Стагурскай узбуджана крымінальная справа
26 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Крымінальную справу па факце гібелі чэмпіёнкі свету па веласпорце, заслужанага майстра спорту Беларусі Зінаіды Стагурскай узбудзіла следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання УУС Віцебскага аблвыканкама, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага РАУС Уладзімір Фролаў.
Крымінальная справа ўзбуджана па частцы 2 артыкула 317 - парушэнне правілаў дарожнага руху. Як распавёў Уладзімір Фролаў, які выязджаў на месца здарэння, трагедыя адбылася на ўчастку дарогі Віцебск-Гомель трасы Санкт-Пецярбург-Адэса. Аўтамабіль, за рулём якога знаходзілася жыхарка Санкт-Пецярбурга 1967 года нараджэння, выехаў на сустрэчную паласу, дзе на веласіпедзе ехала Зінаіда Стагурская. У выніку сутыкнення, веласіпедыстка загінула на месцы ад атрыманых траўм, а кіроўца аўтамабіля атрымала цяжкія раненні і дастаўлена ў бальніцу.
Па словах начальніка РАУС, Зінаідай Стагурскай былі выкананы ўсе ўмовы бяспекі, якія правілы дарожнага руху прадпісваюць выконваць веласіпедыстам.
Спартсменка рыхтавалася да выступлення на чэмпіянаце Беларусі. Тыдзень таму яна прыляцела ў Беларусь з Італіі, дзе жыла апошнім часам.
Артыкул, па якім узбуджана крымінальная справа, прадугледжвае пакаранне ад папраўчых работ да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў. -0-