Па факце выбуху на спіртзаводзе ў Лынтупах узбуджана крымінальная справа па артыкуле КК РБ "Парушэнне правілаў аховы працы".

По факту взрыва на спиртзаводе в Лынтупах возбуждено уголовное дело по статье УК РБ "Нарушение правил охраны труда"

Паведамленне аб надзвычайным здарэнні паступіла ў службу ратавальнікаў удзень 28 сакавіка ад супрацоўніцы прадпрыемства. Па прыбыцці пажарнай каманды мясцовага падраздзялення МНС назіралася гарэнне на першым паверсе ўнутры пяціпавярховага жалезабетоннага будынка завода.

Як папярэдне паведамлялася на афіцыйным сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, выбух з наступным гарэннем адбыўся ў цэху рэктыфікацыі. У выніку назіралася частковае абрушэнне і зрушэнне лесвічных маршаў уздоўж тэхналагічных калон на вышыні 10 метраў, выбіты вокны, утвораны расколіны сцяны з першага па пяты паверхі. Па зыходных даных чатыры чалавекі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Сярод іх – маладая жанчына, якая ўвечары таго ж дня памерла ў мясцовай цэнтральнай раённай бальніцы, куды брыгадай хуткай дапамогі былі дастаўлены ўсе пацярпелыя.

У той жа час афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова паведаміла, што па факце выбуху на структурным падраздзяленні «Лынтупскі спіртзавод» ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне» узбуджана крымінальная справа па артыкуле 306: парушэнне правілаў аховы працы. На месца здарэння выехала група цэнтральнага апарату, працуе ўпраўленне па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі, супрацоўнікі якога і спецыялізуюцца на расследаванні такога роду крымінальных спраў. Прычыны выбуху будуць вядомыя пасля крыміналістычных мерапрыемстваў, у тым ліку пажарна-тэхнічнай і выбухатэхнічнай экспертыз.

Наталля РЫЖКОВА