Па выніках фестывалю “Факел” узорны ансамбль танца «ВІ-ЗА-ВІ» з Оршы быў адзначаны дыпломам другой ступені ў сваёй намінацыі

По итогам фестиваля “Факел” образцовый ансамбль танца «ВИ-ЗА-ВИ» из Орши был отмечен дипломом второй степени в своей номинации

Яркія агні святочнага салюту ў начным віцебскім небе абвясцілі: V карпаратыўны фестываль ААТ «Газпрам» завяршыўся. У нядзелю прайшоў апошні яго канцэрт, на сцэне Летняга амфітэатра былі ўручаны галоўныя ўзнагароды і сказана нямала цёплых слоў у адрас удзельнікаў і арганізатараў. Але перш адбылося яшчэ некалькі падзей, значных для прыдзвінцаў.

Адна з іх чакала нас 18 мая. На цырымоніі ўзнагароджання дыплом другой ступені ў намінацыі «Хареография эстрадная» ў узроставай катэгорыі ад 5 да 10 гадоў быў уручаны ўзорнаму ансамблю танца «ВІ-ЗА-ВІ». Гэты калектыў з Оршы добра ведаюць не толькі ў нашай вобласці. Хлопцы не раз станавіліся пераможцамі розных конкурсаў і, вядома, выступалі на многіх сцэнічных пляцоўках Віцебшчыны, паспелі набыць нямала прыхільнікаў у Беларусі і за яе межамі. Годна прадставілі яны рэспубліку і на фестывалі «Факел», хоць для гэтага прыйшлося пераадолець пэўныя цяжкасці. Як патлумачыла мастацкі кіраўнік ансамбля Алеся Васілеўская, літаральна за тры дні да выступлення іх саліст, які выконваў у нумары акрабатычныя трукі, зламаў руку. Так што ў танец давялося тэрмінова ўносіць карэктывы, ды і на настроі дзяцей здарэнне адбілася. Аднак юныя артысты сабраліся і ўсё ж паказалі клас.

– Прадстаўляць краіну на такім велізарным міжнародным конкурсе – для нас вялікі гонар, – падкрэсліла Алеся Васілеўская. – «ВІ-ЗА-ВІ» – адзіны дзіцячы харэаграфічны калектыў з Беларусі, які яе ганараваны. З Астрахані, дзе праходзіў зональны тур фестывалю «Факел», мы вярнуліся з перамогай. Таму зараз, напэўна, нават рады, што менавіта расіяне на беларускай зямлі занялі першае месца, так, мабыць, і павінна было быць.

 Тым больш што нашыя супернікі былі вельмі моцныя – напрыклад, харэаграфічны ансамбль «Лапушкі», дзе дзівосная гімнастычная школа. Дзяцей крыху засмуціла тое, што перамагчы нам не ўдалося, але я разумею, што ўзровень фестывалю найвышэйшы, і атрымаць тут другое месца – ганарова і выдатна. Самае галоўнае, што дзеці знайшлі шмат новых сяброў, атрымалі масу ўражанняў, якія застануцца ў іх у памяці назаўжды.

Прызавыя месцы занялі і астатнія артысты, якія прыбылі на творчы форум у складзе дэлегацыі ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». А спявачка Вераніка Чарняўская нават апынулася сярод тых, хто прэтэндаваў на Гран-пры. Аднак найвышэйшая ўзнагарода нам пакуль не скарылася. Дарэчы, яе ўладальнікаў сёлета вызначалі ў незвычайным фармаце: на працягу фінальнага гала-канцэрта фестывалю «Факел». Журы ў гэты раз працавала практычна да апошняй хвіліны. У выніку да прызоў у трох узроставых намінацыях (ад 5 да 10 гадоў, ад 11 да 16 гадоў, ад 17 гадоў і старэй) дадалі яшчэ адзін, «запасны». Два Гран-пры з'ехалі ў Томск, па адным – у Арэнбург і Ніжні Ноўгарад. Лепшы юны мастак, на думку судзейскай камісіі, аказаўся з Екацярынбурга. А творчы калектыў ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» атрымаў спецыяльны прыз старшыні праўлення ААТ «Газпрам» – пяцідзённую паездку ў Санкт-Пецярбург на фестываль «Белыя ночы».

У дзень закрыцця «Факела» газавая карпарацыя зрабіла Віцебшчыне яшчэ адзін падарунак: Музею-сядзібе «Здраўнёва» былі перададзены 28 арыгінальных фатаграфій знакамітага рускага мастака, знойдзеных у Дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў Санкт-Пецярбурга. Зроблены яны ў пачатку ХХ стагоддзя і, безумоўна, уяўляюць вялізную цікавасць для ўсіх, хто пажадае больш даведацца пра жыццё і творчасць Іллі Рэпіна. Наступны фінал карпаратыўнага фестывалю пройдзе ў горадзе Любляны (Славенія). Але, са словаў старшыні праўлення ААТ «Газпрам» Аляксея Мілера, Віцебск атрымаў высокую ацэнку за арганізацыю і правядзенне творчага форуму, таму «Факел» цалкам можа сюды яшчэ вярнуцца.

Лілія ІЎЧАНКА.
Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА.
«Віцебскі рабочы»

На фота: Саша Ермалаеў і Дзіяна Астроўская, як і астатнія ўдзельнікі ансамбля “ВІ-ЗА-ВІ”, годна прадставілі Беларусь на карпаратыўным фестывалі ААТ “Газпром”