Паводле папярэдніх падлікаў, склад дэпутацкага корпуса ад Віцебшчыны абнавіўся на дзве траціны
Персанальны склад дэпутацкага корпуса, які будзе прадстаўляць інтарэсы жыхароў Віцебшчыны ў шостым скліканні ніжняй палаты парламента, абнавіўся прыкладна на дзве траціны. Аб тым, наколькі ўпэўненая перамога была здабыта і пачаткоўцамі Палаты прадстаўнікоў, і ўжо дасведчанымі заканадаўцамі, стане вядома пасля апублікавання канчатковых вынікаў.
Цяперашняя кампанія праходзіла па адкарэктаваных правілах, найбольш важныя з іх былі накіраваны на павышэнне празрыстасці падліку галасоў і спрашчэнне парадку правядзення вынікаў.
Упершыню кампанія праводзілася па прынцыпе адноснай большасці, калі выбары лічацца адбыўшыміся пры яўцы выбаршчыкаў больш за 50%, а пераможцам з'яўляецца кандыдат, які набраў простую большасць галасоў.
Выбаршчыкі Віцебшчыны традыцыйна адказна ўключыліся ў працэс галасавання. У выніку, па папярэдніх даных, яўка склала амаль 80% (гэта на ўзроўні парламенцкай кампаніі 2012 года), у тым ліку 34,56% грамадзян зрабілі выбар датэрмінова. Прычым ужо да 16.00 11 верасня ва ўсіх акругах паўночнага рэгіёну выбары прызнаны адбыўшыміся. Мяркуючы па інфармацыі Цэнтрвыбаркама, Віцебшчына захавала імідж найбольш электаральна актыўнага рэгіёну Беларусі.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў галасаваў 11 верасня на ўчастку №47 у Доме культуры акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Ён быў у ліку першых выбаршчыкаў, якія прыйшлі ў нядзелю раніцай на ўчастак. У кабінцы для галасавання кіраўнік вобласці затрымаўся на імгненні, пасля чаго пад успышкі фотакамер апусціў бюлетэнь у празрыстую урну. У інтэрв'ю журналістам Мікалай Шарснёў падкрэсліў важнасць парламенцкай
кампаніі, бо ад таго, які мы зробім выбар сёння, шмат у чым залежыць наша будучыня.Па ацэнцы кіраўніка вобласці, дзеючы склік дэпутацкага корпуса, які прадстаўляе Віцебшчыну, адпрацаваў плённа.
– Яны хварэюць за справу, уся іх дзейнасць нацэлена на паляпшэнне жыцця рэгіёнаў Віцебшчыны. Спадзяюся, што абноўлены склад дэпутатаў гэтак жа будзе адрозніваць прафесійны падыход, яны будуць яшчэ лепш працаваць на карысць вобласці, пры гэтым захоўваючы пераемнасць традыцый, напрацаваных папярэднікамі, – адзначыў Мікалай Шарснёў.
Асноўнымі крытэрыямі, якімі кіраваўся кіраўнік вобласці пры выбары кандыдатуры будучага парламентарыя, з'яўляюцца наяўнасць вопыту працы, адукацыя і адукаванасць, а галоўнае – уменне слухаць і чуць людзей, для якіх дэпутат і павінен працаваць у заканатворчым органе. Тым больш што ў сувязі з дэпутацкім корпусам выканаўчай уладзе Віцебшчыны трэба будзе вырашаць надзённыя пытанні сацыяльнай сферы, развіцця інфраструктуры, каб зрабіць рэгіён больш прывабным для жыцця і прырастаць колькасна. Для гэтага патрабуецца на ўсіх узроўнях улады актуалізаваць тэму фінансавага забеспячэння пераўтварэнняў.
– Нам неабходна захоўваць спецыялістаў, прыцягваць моладзь, павышаць нараджальнасць, а для гэтага трэба ствараць пэўныя ўмовы. Гэта мяне вельмі хвалюе як кіраўніка рэгіёну і з'яўляецца асноўнай задачай для ўсіх, – падкрэсліў Мікалай Шарснёў.
У гэты дзень на Віцебшчыне адкрылі дзверы 819 участкаў для галасавання, у тым ліку больш за 330 з іх былі размешчаны ва ўстановах адукацыі, яшчэ 42 – у здраўніцах, арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ва ўмовах стацыянара, а таксама ў воінскіх часцях.
Упершыню прынялі ўдзел у галасаванні больш за 7,7 тыс. маладых грамадзян. Па добрай традыцыі для іх былі падрыхтаваны памятныя падарункі. Так, студэнт першага курса фармацэўтычнага факультэта медуніверсітэта Андрэй Сцепаненка прыйшоў на ўчастак № 47 непасрэдна да яго адкрыцця. Дзесяць дзён таму ён адсвяткаваў паўналецце, так што з асаблівым настроем адправіўся ў першы раз выконваць
грамадзянскі абавязак. Да таго ж ён абраны старастам групы, а гэта да многага
абавязвае.
– Хвалююся, але і ганаруся тым, што маю права прымаць адказныя рашэнні, якія будуць вызначаць будучыню краіны, – падзяліўся ўражаннямі малады выбаршчык, дадаўшы, што прагаласаваў за чалавека, які мае вялікі прафесійны вопыт.
Па традыцыі калектывы мастацкай самадзейнасці стваралі святочную атмасферу на ўчастках, падрыхтаваўшы разнастайную культурную праграму. А работнікі гандлю і грамадскага харчавання забяспечылі пашыраны асартымент тавараў, смачных страў і выпечкі. Толькі спажывецкая кааперацыя Віцебшчыны арганізавала працу звыш 550 гандлёвых кропак.
Па дадзеных аблвыбаркама, назіранне за ходам выбарчай кампаніі на Віцебшчыне ажыццяўлялі больш за 4,8 тыс. нацыянальных назіральнікаў, з якіх амаль 98% знаходзіліся на ўчастках для галасавання. На Віцебшчыне працавалі больш за 40 міжнародных назіральнікаў місіі БДІПЧ/АБСЕ, а таксама звыш 30 прадстаўнікоў місіі СНД і Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Ад іх не паступала паведамленняў аб парушэннях, якія якім-небудзь чынам могуць паўплываць на ход выбараў.
Сяргей Антонов. Фота Дзмітрыя Осіпава. «Віцебскія весці».