Працай – гонар

Спіс уладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» папоўніўся на 100 чалавек. Па выніках 2010 года ў яго ўвайшлі людзі розных прафесій – настаўнікі, урачы, работнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, малога бізнесу, праваахоўных органаў, культуры – тыя, хто сваёй працай унёс важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці.

Рашэнне ўшанаваць лепшых працаўнікоў вобласці было прынята два гады таму, і гэтая акцыя стала сапраўдным святам. На гэты раз цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа. Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, падводзячы вынікі мінулага года, падкрэсліў, што ён быў насычаны знамянальнымі падзеямі, якія ўвойдуць у гісторыю краіны. 2010-ы – год 65-годдзя Вялікай Перамогі, Год якасці, IV Усебеларускага сходу, выбараў Прэзідэнта Беларусі. Ва ўшедшем годзе забяспечана ўстойлівая дынаміка сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыдзвінскага краю. Выпрацавана прадукцыі больш чым на 160%, забяспечана харчовая бяспека, пабудавана 618 тысяч кв. метраў жылля. Віцебшчына стала бясспрэчным лідарам па многіх паказчыках. І ўсё гэта дзякуючы людзям, у тым ліку тым, хто ўдастоены галоўнай узнагароды аблвыканкама. У Беларусі, падкрэсліў А. Косінец, заўсёды шанавалі людзей працы, яны – сіла і гонар краіны.

Сярод узнагароджаных ганаровым званнем «Чалавек года Віцебшчыны» нямала тых, пра каго наша газета ўжо распавядала. Гэта і дырэктар ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» Вольга Беленкава, і генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Радзівон Бас, і дырэктар абласной друкарні Яўген Ларычаў, і вядомы баксёр, пераможца многіх прэстыжных чэмпіянатаў Віктар Зуеў, і дырэктар інстытута «Віцебскграмадзянпраект» Наталля Косабука, дырэктар Віцебскага філіяла «Белтэлекама» Аляксандр Бохан, генеральны дырэктар «Віцебскаблгаза» Пётр Шэршань… Але не менш заслуг і ў тых, хто на сваім, няхай і невялікім, участку працы таксама вызначыўся высокапрафесійным, ініцыятыўным і творчым падыходам да справы. Сярод такіх людзей шэсць прадстаўнікоў Пастаўшчыны. Гэта, як запэўніў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, самыя годныя людзі. «Чалавекам года» стаў старшыня праўленняімя райпо Рыгор Леўкавец. Пастаўская кааперацыя займае лідзіруючае месца ў вобласці. У раёне адкрыты гіпермаркеты, крамы самаабслугоўвання ў вёсках, што дазволіла ў два разы павялічыць таваразварот. Мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры Алена Слязеўская – рэжысёр усіх святаў на Пастаўшчыне, у тым ліку такога знакамітага, як «Грай, гармонік, і цымбалы». Дзякуючы ініцыятыве начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Васіля Захарэвіча ў горадзе адноўлены стары закінуты будынак, і ў ім зараз сучасны спартыўны комплекс з басейнам.

Прадстаўляючы лаўрэатаў ад Наваполацка, старшыня гарвыканкама Наталля Качанава з гонарам адзначыла, што такіх 8 чалавек. Сярод іх слесар-рамонтнік водаканала Аляксандр Мацуганаў, дырэктар Дома гандлю Валянціна Іванова, настаўніца Людміла Бадрая, трэнер Віктар Шэршукоў, дырэктар прыватнага прадпрыемства «Любава Люкс» Любоў Малышава і іншыя. Гэта тыя людзі, падкрэсліла Н. Качанава, якія ствараюць славу нафтаграду.

Пра кожнага, хто выходзіў на сцэну, каб атрымаць з рук старшыні аблвыканкама высокую ўзнагароду, можна сказаць самыя добрыя словы. І мы абавязкова гэта зробім на старонках газеты. Бо яны нашы маякі, якія падаюць прыклад у працы і любові да роднага краю.

Усім уладальнікам ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» ўручаны дыпломы лаўрэатаў, нагрудныя значкі і прэміі ў памеры 10 мільёнаў рублёў
. А ў наступным годзе, паабяцаў кіраўнік вобласці, лепшыя людзі атрымаюць па аўтамабілі.

У завяршэнне ўрачыстасці адбыўся святочны канцэрт.

На фота: Дыплом атрымлівае загадчыца Багданаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Сянненскай ЦРБ Галіна Любачка.

Таццяна Пастарнак, «НС»
Фота Антона Сцепанішчава, «НС»

"Народнае слова"