Па ўказанні намесніка старшыні Полацкага райпо загадчыкі крамамі займаліся прыпіскамі
26 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Па ўказанні першага намесніка старшыні Полацкага райпо загадчыкі крамамі займаліся прыпіскамі. Пра гэта паведаміла сёння на пасяджэнні калегіі галоўны спецыяліст Полацкага міжраённага Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Таццяна Хітрава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Так, у адпаведнасці з указаннем намесніка старшыні загадчыкі крамамі выручку не здавалі ў банк ва ўстаноўленым парадку, а перадавалі праз тавараведаў у цэнтральную касу райпо, дзе даныя аб даце здачы выручкі ў прыходных касавых ордэрах фальсіфікаваліся. У прыватнасці, для выканання плана па росце таваразвароту Полацкім райпо на працягу 2009 года завышаўся фактычны паказчык шляхам уключэння ў таваразварот справаздачнага месяца выручкі першых дзён наступнага месяца.
Акрамя таго, арганізацыяй не выконвалася адна з асноўных задач спажыўкааперацыі - закупка ў грамадзян прадукцыі з асабістых падсобных гаспадарак. Адсутнасць належнага кантролю з боку службовых асоб прывяла да шматлікіх махінацый скупшчыкаў і камерцыйных агентаў.
Праверка ўстанавіла таксама адсутнасць работы па максімальным напаўненні крамаў айчыннымі таварамі, факты невыканання Полацкім райпо патрабаванняў працоўнага заканадаўства і іншыя парушэнні.
Усяго ў 2009 годзе КДК Віцебскай вобласці праверыў 61 аб'ект гандлю і грамадскага харчавання, які належыць спажыўкааперацыі. Ва ўсіх з іх выяўлены розныя парушэнні. Так, у 77% правераных аб'ектаў устаноўлены факты продажу тавараў з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці. У 38% парушаліся санітарныя нормы і правілы. У кожным другім адсутнічала інфармацыя аб таварах для спажыўцоў.
Па выніках праверкі Полацкага райпо ў бюджэт адноўлены падаходны падатак у суме Br20,5 млн. Аштрафавана юрыдычная асоба на Br4,1 млн, два службовыя асобы на Br1,8 млн. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 32 чалавекі, пяць работнікаў звольнены. Акрамя таго, у дачыненні да скупшчыка яблыкаў з Полацкага раёна ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.233 КК Беларусі.
У цэлым па праверках дзяржкантролю арганізацый спажывецкай кааперацыі Віцебскай вобласці за 2009 год да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 193 парушальнікі з накладаннем штрафаў на суму Br24,7 млн., да дысцыплінарнай адказнасці - 167 чалавек.-0-