Пераможцаў акцыі «Грамадзянская мужнасць» будуць ушаноўваць у Віцебску ў Дзень абаронцаў Айчыны
22 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пераможцаў акцыі "Грамадзянская мужнасць" будуць узнагароджваць у Віцебску ў Дзень абаронцаў Айчыны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама.
Характэрна, што сёлета ў спіс пераможцаў трапілі толькі мужчыны. Так, у намінацыі "За кеметлівасць і знаходлівасць" будуць узнагароджаны работнікі ЖКГ Віцебскага раёна і Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, якія змаглі затрымаць рабаўніка сельскай крамы. 71-гадовы пенсіянер з Гадка прызнаны народным дэтэктывам за тое, што сам злавіў дзвюх цыганак, якія абрабавалі яго дом. Аршанец, які аказаў да прыбыцця супрацоўнікаў міліцыі годнае супраціўленне злодзею, калі той пагражаў нажом прадаўцу ў мясцовай краме, адзначаны ў намінацыі "За адвагу і рашучасць". У намінацыю "За аператыўнасць" нездарма трапілі двое навучэнцаў выпускных класаў школ Віцебска: яны затрымалі жанчыну, якая спрабавала выкрасці выручку ў шапіку на аўтобусным прыпынку. Усіх пераможцаў чакаюць віншаванні ад кіраўніцтва УУС Віцебскага аблвыканкама, каштоўныя падарункі і святочны канцэрт.
Галоўная мэта штогадовай акцыі "Грамадзянская мужнасць" - адзначыць людзей за мужнасць, неабыякавасць да навакольных і цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, праяўленыя пры спыненні розных правапарушэнняў. Усяго за мінулы год былі адзначаны больш за 30 жыхароў вобласці, якія дапамаглі спыніць або раскрыць супрацоўнікам праваахоўных органаў розныя правапарушэнні.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Віцебскай вобласці ўжо адбыліся іншыя мерапрыемствы, прызначаныя нагадаць мужчынам аб тым, што яны з'яўляюцца моцнай паловай чалавецтва. Так, для маладых людзей дапрызыўнага ўзросту раённыя арганізацыі БРСМ арганізавалі розныя спартыўныя спаборніцтвы, правялі дні адкрытых дзвярэй на базе розных воінскіх часцей. У Сенненскім раёне праводзіўся конкурс "Супермужчына-2010". Непасрэдна 23 лютага ў абласным цэнтры пройдзе святочны мітынг і канцэрт у канцэртнай зале "Віцебск". -0-