Пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіяд, а таксама іх педагогаў ушанавалі ў Віцебску

Адораную моладзь і іх настаўнікаў павіншаваў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён адзначыў, што ў Беларусі развіццё адукацыі адносіцца да найважнейшых дзяржаўных прыярытэтаў, а таксама звярнуў увагу на паслядоўную працу, якая вядзецца ў рэгіёне па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага патэнцыялу, павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароны работнікаў устаноў адукацыі. У прыватнасці, на фінансаванне галіны на 2022 год у бюджэце прадугледжана амаль 850 мільёнаў рублёў. Кіраўнік вобласці звярнуў увагу на станоўчы эфект ад стварэння ў райцэнтрах і невялікіх гарадах «Школ будучыні», якія годна функцыянуюць у Шуміліне, Талачыне, Браславе і іншых рэгіёнах. У выніку дыпломы рэспубліканскай алімпіяды атрымалі не толькі вучні гімназій Віцебска, Полацка, Оршы, але і дзеці з 14 рэгіёнаў вобласці.
— Мне вельмі важна, ганарова і радасна знаходзіцца сёння ў гэтай зале разам з інтэлектуальным цвітам Віцебшчыны ў прыватнасці і краіны ў цэлым, — сказаў Аляксандр Субоцін. — Каманда паўночнага рэгіёну стала першай у Беларусі. Такога выніку, як сёлета, у нас не было. Хочацца, каб гэта стала традыцыяй. Я ганаруся вамі! Вы мэтанакіраваныя, смелыя, разумныя, гатовыя пазнаваць новае, нацэленыя на пастаяннае развіццё. Менавіта вам трэба будзе накіраваць здольнасці і інтэлект на стварэнне і ўкараненне найноўшых інфармацыйных, нана-, бія- і іншых высокіх тэхналогій, каб наша краіна выйшла на перадавыя рубяжы і заняла сваю нішу ў глабальнай эканоміцы ведаў. Для гэтага на Віцебшчыне створаны ўсе ўмовы.

Звяртаючыся ва ўрачыстай абстаноўцы да прысутных, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў выказаў упэўненасць, што зусім хутка мерапрыемствы такога плана трэба будзе праводзіць не ў маі, а ў чэрвені ў Летнім амфітэатры, таму што ў канцэртнай зале ўсім не хопіць месца. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны падкрэсліў, што ў абласную скарбонку дасягненняў Віцебская гімназія №2 прынесла 28 дыпломаў. Гэта ўстанова адукацыі пад кіраўніцтвам Канстанціна Кісялёва, які шмат гадоў таму даваў абяцанне, што выведзе гімназію на лідзіруючыя пазіцыі і стрымаў сваё слова, другі раз запар усталявала агульнанацыянальны рэкорд!
— Ніводная ўстанова адукацыі ў Беларусі не паказвала такіх вынікаў, — з гонарам сказаў Уладзімір Цярэнтаў. — Тром віцебскім гімназіям – №№ 1, 2 і 8 – належыць палова ўсіх перамог. Гэта ўражвае! Атрадна, што разам з гарадскімі гімназіямі стаяць і раённыя ўстановы адукацыі. Гэта ўнікальны момант! Нашы школы маюць вялікі патэнцыял. Дзякуй бацькам, якія разумеюць, што ў такім юным узросце дзіця хоча і адпачыць, але ўсё ж знаходзяць аргументы, матывуюць, часам і прымушаюць дзяцей прыкладаць вялікія намаганні на нялёгкім шляху да высокіх дасягненняў. Дзякуй і самім дзецям, якія праслаўляюць не толькі сябе, сваю сям'ю, але і ўсю Рэспубліку Беларусь.



Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома падзякаваў настаўнікам і выкладчыкам ВНУ за працу. Найбольшую колькасць перамог на рэспубліканскай і міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах атрымалі вучні настаўніцы інфарматыкі гімназіі №8 Віцебска Веранікі Лакцінай (12 і 5) і настаўніцы матэматыкі гімназіі №2 Віцебска Святланы Матросавай (9 і 5). Дастойны вынік на рэспубліканскай алімпіядзе паказалі вучні Віцебшчыны і па геаграфіі, заваяваўшы 13 з 16 магчымых дыпломаў.
Дзесяцікласніца Шумілінскай СШ №1 Вікторыя Шэдько сёлета — абсалютны пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Дзяўчына прызналася, што прысутнічаць у зале з кіраўнікамі вобласці дарагога каштуе. Вясёлая, разумная, харызматычная Віка марыць стаць міжнародным юрыстам або дыпламатам, таму актыўна вывучае англійскую і французскую мовы.

Вучань 11-га класа Межаўскай СШ Аршанскага раёна Максім Волкаў у ліку пераможцаў па французскай мове. Юнак перакананы, што галоўны сакрэт поспеху на алімпіядзе — правільная матывацыя. Акрамя таго, школьнік упэўнены: рабіць усё трэба ад душы, тады ўсё абавязкова атрымаецца.
Выдатныя веды па рускай мове паказала і адзінаццацікласніца СШ №14 Полацка Маргарыта Камонава. Дзяўчына адзначыла, што было нялёгка, бо выпрабаванне ўключае шырокі спектр заданняў, у галаве трэба трымаць вельмі шмат інфармацыі, неабходна ўмець аналізаваць і прымяняць усё на практыцы. Галоўнае — справіцца з хваляваннем і засяродзіцца на пытаннях.