Пераможцаў міжнародных і прадметных алімпіяд будуць ушаноўваць у Віцебску 28 мая
25 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску 28 мая будуць ушаноўваць пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Урачыстае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў абласных і гарадскіх улад адбудзецца ў Віцебскай абласной філармоніі. У цэнтры ўвагі ў гэты дзень заслужана будуць як адораныя навучэнцы вобласці, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, так і іх педагогі і бацькі. Напрыклад, Святлана Аўчыннікава і Сяргей Даўгаль з гімназіі №8 Віцебска сталі пераможцамі міжнароднай алімпіяды 2009 года па матэматыцы, а Наталля Бухтарэвіч (гімназія №1 Віцебска) - па біялогіі.
Семёра прадстаўнікоў устаноў адукацыі рэгіёна ў 2010 годзе заваявалі дыпломы першай ступені рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, матэматыцы, фізіцы, хіміі і геаграфіі. У скарбонцы ўзнагарод 17 дыпломаў другой ступені па грамадазнаўстве, геаграфіі, гісторыі, біялогіі, фізіцы, матэматыцы, іспанскай і англійскай мовах, рускай мове і літаратуры і 65 дыпломаў трэцяй ступені па 16 дысцыплінах.
Найбольшую колькасць узнагарод Віцебскай вобласці прынесла каманда матэматыкаў, на рахунку якой 21 дыплом. Годна рэгіён прадставілі юныя інфарматыкі, фізікі і географы, якія заваявалі па 8 дыпломаў. Прычым пераможцы алімпіяд - навучэнцы не толькі ўстаноў адукацыі абласнога цэнтра і буйных гарадоў Віцебшчыны, але і сельскіх раёнаў, дадалі ва ўпраўленні.-0-