Пераможцаў абласнога конкурсу "Выратавальнікі вачыма дзяцей" ушаноўваюць у Віцебску
Пераможцаў і прызёраў абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці "Выратавальнікі вачыма дзяцей" ушануюць у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным упраўленні МНС.
Лепшыя работы, дасланыя на абласны агляд-конкурс, выстаўлены падчас вясновых канікул у дзіцячай школе мастацтваў №3 "Маладзік" г. Віцебска. І тут жа адбудзецца сёння ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў. Яны вызначаны ў васьмі намінацыях: "Плакат", "Малюнак", "Вырабы", "Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі", "Малая архітэктурная форма", "Верш", "Апавяданне", "Казка".
Як адзначылі ў абласным упраўленні, кожны год дзеці з розных куткоў рэгіёну ўражваюць журы высокім выканальніцкім узроўнем, фантазіяй, творчымі знаходкамі і глыбінёй асэнсавання пытанняў бяспекі. Сярод плакатаў і малюнкаў, вершаў і іншых работ ёсць перасцярогі ад гульняў на будоўлі ці хаджэння па тонкім лёдзе, прысвячэнні выратавальнікам і творы, якія прапагандуюць прэстыж прафесіі. Вельмі ўразілі членаў журы вялізныя вырабы вучня Мікіты Гайдукова з Віцебскага раёна - фэнтэзійны "Рухомы вышынны назіральны пункт".
Работы ўладальнікаў першых трох месцаў, а таксама іншыя арыгінальныя творы, адзначаныя журы, адправяцца 27 сакавіка ў сталіцу для ўдзелу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе. Яго вынікі будуць падведзены 3 красавіка, а да таго часу лепшыя работы школьнікаў з усіх абласцей краіны будуць выстаўляцца ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.
Агляд-конкурс "Выратавальнікі вачыма дзяцей" праводзіцца штогод сярод дзяцей ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў з мэтай прыцягнення падрастаючага пакалення да пытанняў папярэджання надзвычайных сітуацый і пажараў, у першую чаргу ад дзіцячай неасцярожнасці з агнём, навучання школьнікаў і дашкольнікаў асновам бяспекі жыццядзейнасці і дзеянням у выпадку ўзнікнення пажараў і НС.
Кацярына Князева