Пераможцы абласнога тура конкурсу "Настаўнік года Беларусі-2009" вызначыліся ў Віцебску

10 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Імёны пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009" абвешчаны сёння ў Віцебску. Права прадставіць рэгіён у фінале ў жорсткай канкурэнцыі заваявалі настаўнікі гісторыі, беларускай мовы і літаратуры і пачатковых класаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. За званне лепшага настаўніка на працягу тыдня змагаліся 23 педагогі вобласці, якія прайшлі папярэднія гарадскія і раённыя туры. Сярод іх двое прадстаўнікоў моцнага полу - настаўнік працоўнага навучання і чарчэння з Росанскага раёна і інфарматыкі з Чашніцкага раёна, якім удалося дайсці да фіналу. Аднак жанчыны ў гэтым спаборніцтве аказаліся мацнейшымі - увесь п'едэстал гонару дастаўся ім. Максімальны вынік - 347,2 бала з 400 магчымых - набрала па выніках усіх конкурсных заданняў Ірына Выходцава, настаўніца гісторыі Мазалоўскай школы Віцебскага раёна з 9-гадовым стажам працы. Толькі ў суперфінале саступіла ёй перамогу настаўніца пачатковых класаў школы №19 Оршы Святлана Емяльянава (342,6 бала), якая ішла практычна на роўных. Трэці вынік у абласным конкурсе паказала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры віцебскай гімназіі №5 Галіна Сухава, якая набрала 317,8 бала. Заданні абласнога этапу ўключалі конкурс творчага самапрадстаўлення, псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, адкрытыя ўрокі з вучнямі гімназій абласнога цэнтра, педагагічны брэйн-рынг, імправізаваныя міні-ўрокі на сцэне інстытута развіцця адукацыі і абарону аўтарскага адукацыйнага праекта.-0-