Перамогі беларусаў над немцамі і дацкамі прынеслі па Br25 млн. гродзенскай і наваполацкай хакейным школам
18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гродзенская і наваполацкая хакейныя школы атрымаюць па Br25 млн за перамогі беларусаў над немцамі і дацчанамі на чэмпіянаце свету, які праходзіць у Германіі. Так распарадзіліся сертыфікатамі на названую суму, атрыманымі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, хакеісты зборнай Беларусі Міхаіл Сцефановіч і Андрэй Мязін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Як вядома, зборная Беларусі завяршыла сваё выступленне на хакейным чэмпіянаце ў Германіі 17 мая перамогай над зборнай Даніі (2:1). Вырашальную шайбу закінуў 20-гадовы форвард Міхаіл Сцефановіч. І сваю прэмію ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў памеры Br25 млн ён вырашыў перадаць Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву №10 па хакеі з шайбай і шорт-трэку, дзе рабіў першыя крокі ў спорце.
Свой выбар пасля ўчарашняга матчу з дацчанамі зрабіў і галкіпер Андрэй Мязін. Нагадаем, яму гэта права перадаў аўтар пераможнай шайбы ў папярэднім паядынку са зборнай Германіі (2:1 у авертайме) Аляксей Калюжны. Будучы выхаванцам чэлябінскага хакея, Андрэй вырашыў аказаць дапамогу СДзЮШАР "Хімік" горада Наваполацка, якая перажывае няпростыя часы. Адзначым, што ў складзе зборнай на чэмпіянаце свету гулялі два прадстаўнікі гэтай школы: абаронцы Уладзімір Дзянісаў і Сяргей Калосаў. Дарэчы, сам Андрэй Мязін на досвітку кар'еры выступаў за наваполацкі "Хімік", перабраўшыся ў Беларусь па запрашэнні вядомага чэлябінскага спецыяліста Юрыя Перагудава.
Раней Аляксей Калюжны як аўтар пераможнай шайбы ў стартавым матчы са зборнай Казахстана (5:2) таксама атрымаў сертыфікат ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба на Br25 млн і перадаў гэту суму сваёй роднай хакейнай школе "Юнацтва" з Мінска.
Прэзентаваныя хакейным школам сумы павінны быць выкарыстаны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыю спартыўных мерапрыемстваў.-0-