Пабрацімскія сувязі паміж рэгіёнамі Венесуэлы і Беларусі актывізуюць супрацоўніцтва дзвюх краін
17 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Устанаўленне пабрацімскіх сувязяў паміж штатамі Венесуэлы і рэгіёнамі Беларусі надасць імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Аб гэтым заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Амерыка Дыяс Нуньес, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, плоскасць інтарэсаў Венесуэлы датычыцца ўсіх галін беларускай дзяржавы: культуры, спорту, турызму, эканомікі. У прыватнасці, Венесуэла зацікаўлена ў наладжванні больш цесных адносін з беларускімі ўстановамі адукацыі з усіх рэгіёнаў, абмене моладзевымі і дзіцячымі дэлегацыямі, творчымі калектывамі, мастакамі і артыстамі. У сферы эканомікі прывабна стварэнне сумеснымі прадпрыемствамі. "У мэтах актывізацыі партнёрства мы ўжо наведалі два віцебскія прадпрыемствы, дзе вывучылі магчымасць укладання капіталу", - адзначыў Амерыка Дыяс Нуньес.
"На сённяшні дзень паміж Венесуэлай і Беларуссю падпісана 69 сумесных пагадненняў у розных сферах. Між тым узровень супрацоўніцтва дзвюх краін можа быць значна больш высокім", - падкрэсліў пасол.
Тавараабарот Беларусі і Венесуэлы ў 2008 годзе павялічыўся на 298% у параўнанні з 2007-м за кошт росту экспарту і склаў $173,3 млн. Беларускі экспарт узрос больш чым на 305%, дасягнуўшы $173,1 млн. Імпарт склаў $147 тыс. (знізіўся ў 6 разоў). Сальда для Беларусі склалася станоўчае ў памеры больш за $172 млн. У студзені-красавіку 2009 года беларускі экспарт у Венесуэлу ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года падвоіўся. Імпарт практычна адсутнічаў.-0-