Ганаровыя кубкі з туфлямі і кедамі атрымаюць у падарунак пераможцы фестывалю "Агонь танца" у Віцебску
14 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Узнагародай пераможцам моладзевага фестывалю "Агонь танца- 2011" на "Славянскім базары ў Віцебску" стануць паўметровыя кубкі-свяцільні з сімвалічнымі туфлямі і кедамі. Аб гэтым распавёў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню моладзі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ" Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усяго будзе ўручана чатыры кубкі аўтарскай работы па колькасці намінацый: "Танцавальнае шоу", "Сіла двух: джаз-мадэрн", "Сіла двух: лаціна" і "Сіла двух: брэйк-данс". Удзельнікамі творчага спаборніцтва стануць каля 300 маладых людзей з розных рэгіёнаў Беларусі. А танцавальны нон-стоп, у якім ім трэба будзе сёння ўдзельнічаць, працягнецца да самага вечара.
Насычаная праграма Дня моладзі ўключае таксама штогадзінны розыгрыш прызоў, правядзенне спартыўна-забаўляльнага праекта "Маладзёжны ФЭСТ", працу танцавальнай, спартыўнай, графіці-, брэйк-данс- і бітбокс-пляцовак, дзе гледачы змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі напрамкамі моладзевых субкультур, але і атрымаць майстар-клас. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў танцавальнага нон-стопа адбудзецца ўвечары, а адразу ж пасля яе адбудзецца новае творчае спаборніцтва - музычная бітва дыджэяў, якая працягнецца да позняй ночы.
Ігар Бузоўскі таксама падкрэсліў значную ролю саміх маладых людзей і дзяржавы ў правядзенні Дня моладзі. "Ні адно з мерапрыемстваў сённяшняга дня не адбылося б без ініцыятывы нашай моладзі і ўсебаковай падтрымкі, аказанай пры іх падрыхтоўцы дзяржавай", - адзначыў моладзевы лідар.-0-