Ганаровымі гасцямі канцэрта камернай музыкі на міжнародным фестывалі ў Полацку стануць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
17 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. На XXIII Міжнародным фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які праходзіць у гэтыя дні ў Полацку, адбудзецца канцэрт, прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Каля 100 ветэранаў 18 сакавіка стануць ганаровымі гасцямі канцэрта ў Сафійскім саборы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэртным аддзеле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Лаўрэат міжнародных конкурсаў мінская музычная капэла "Сонорус" выканае лірыка-філасофскі твор Морыса Дзюруфле "Рэквіем". Галоўная ідэя твора - трагедыі мінулай вайны. Свой твор кампазітар прысвяціў памяці ахвяр фашызму, сярод якіх быў і яго бацька. Упершыню ў Сафійскім саборы харавое выкананне будзе суправаджацца арганам, за інструментам будзе вядомая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая.
Традыцыйны музычны форум сабраў у культурнай сталіцы Беларусі музыкантаў і выканаўцаў са Швейцарыі, Аўстраліі, Кітая, Расіі і Беларусі. Сёлета сусветная грамадскасць адзначае адразу некалькі юбілейных дат вялікіх кампазітараў. Усе гэтыя падзеі адлюстраваны ў фестывальнай праграме. Так, 200-годдзю з дня нараджэння Фрыдэрыка Шапэна прысвечаны канцэрт фартэпіяннай музыкі ў выкананні заслужанай артысткі Расіі прафесара Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Ніны Серэгінай і яе вучняў. Сёлета аўтарытэтны педагог і музыкант прадставіць фестывальнай публіцы 9-гадовага выхаванца - Цімура Граноўскага, які, нягледзячы на юны ўзрост, ужо з'яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў. Таксама разам са сваім педагогам у Полацк прыедуць аспіранты Джэймс Тэндзі (Аўстралія) і Жыва Сацэ (Кітай). У праграме канцэрта, які пройдзе 19 сакавіка, творы замежных і рускіх класікаў.
Ксенія Пагарэлая свой фестывальны выступ 21 сакавіка прысвеціць 325-годдзю з дня нараджэння Іагана Себасцьяна Баха. Два заключныя музычныя вечары арганізатары вырашылі аддаць у распараджэнне раманса. Адзін з самых папулярных на фестывалі жанраў прадставяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі ім. Г.Шырмы, народная артыстка Беларусі дырыжор Людміла Ефімава.
Завершыцца XXIII Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі 28 сакавіка.-0-