Пошта «на колах» прыходзіць у сельскую мясцовасць
На змену стацыянарным аддзяленням прыходзяць перасоўныя. Як паказвае статыстыка, вяскоўцы менш актыўна карыстаюцца паштовымі паслугамі, чым гараджане. На Віцебшчыне, дзе на сельскія пошты прыпадае 77% (на 1 снежня іх колькасць складала 405) ад агульнай колькасці стацыянарных паштовых аддзяленняў, ёсць такія, якія аказваюць ад 3 да 15 паслуг на аднаго жыхара ў год! З прычыны чаго сельскія аб'екты проста не могуць працаваць эфектыўна, таму было прынята рашэнне замяніць іх на мабільныя.
– Сельскія пошты знаходзяць сваё новае жыццё ў іншым абліччы – перасоўным аддзяленні паштовай сувязі, – тлумачыць намеснік дырэктара Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Кацярына Зінкевіч. – Ніякіх істотных змен пры гэтым не адбываецца. Проста пошта «ўстала на колы» і ўжо за адзін працоўны дзень яна паспявае абслужыць не адзін, а некалькі населеных пунктаў.
Дарэчы, за 11 месяцаў 2013 года пачалі свой шлях 9 перасоўных аддзяленняў, а ў цэлым на Віцебшчыне іх ужо функцыянуе 48.
Алена Сыс, "Віцебскія весці"