Амаль 10 тыс. паломнікаў чакаюць на коранацыі абраза Божай Маці Браслаўскай
20 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло — БЕЛТА/. Амаль 10 тыс. паломнікаў чакаюць у Браславе 21-22 жніўня на ўрачыстасцях з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай Папам Рымскім, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пробашч касцёла Нараджэння Маці Божай ксёндз Адам.
Госці прыедуць з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША. З розных куткоў Беларусі на гэту ўрачыстасць ужо спяшаюцца вернікі. Каля 200 паломнікаў з Пастаўскага і Мёрскага раёнаў вобласці ідуць пешшу.
Абраз Маці Божай Браслаўскай стане першым каранованым абразом у Віцебскай вобласці. Малітоўныя чуванні з нагоды каранацыі Папскай каронай шанаванага абраза, які яшчэ называюць Маці Божай Валадаркай азёраў, пройдуць пад дэвізам "Малітоўная сустрэча культур Каралевы азёраў". У іх праграме, акрамя традыцыйных для такой выбітнай падзеі царкоўных мерапрыемстваў, запланаваны фестывалі латышскай, літоўскай і польскай культур.
Урачыстую Святую Імшу з каранацыяй, прызначаную на 22 жніўня, узначаліць кардынал Ёахім Майснер, мітрапаліт Кёльнскі. "А пройдзе яна на караблі, бо Браслаўская Маці Божая — Каралева азёраў", — дадаў ксёндз Адам. Праўда, карабель гэты сухапутны — гэта часовы алтар у форме карабля, пабудаваны ў двары касцёла Нараджэння Маці Божай. Яго ўзвялі спецыяльна для таго, каб як мага больш вернікаў убачылі гэту ўрачыстую і значную для ўсіх католікаў цырымонію, падкрэсліў суразмоўца.
Абраз Браслаўскай Маці Божай знаходзіцца ў алтары касцёла Нараджэння Маці Божай і адкрываецца толькі падчас набажэнстваў. Сваю гісторыю ён вядзе ад мужчынскага манастыра базыльянаў, заснаванага ў XV стагоддзі на востраве возера Неспіш, і лічыцца галоўнай хрысціянскай святыняй мясцовых мясцін. Каранацыя абраза для Ватыкана з'яўляецца прызнаннем цудоўнай сілы абраза, і пра такія ўласцівасці Браслаўскага абраза сведчаць хронікі Рымска-каталіцкай царквы 1774 года.
Каранаванне абразоў Маці Божай у каталіцкай царкве звязана з багаслоўскімі сцвярджэннямі аб тым, што Дзева Марыя з'яўляецца Каралевай Нябеснай. Прыватныя выпадкі каранавання цудоўных абразоў і скульптур Маці Божай зафіксаваны яшчэ ў VIII стагоддзі. З XVII стагоддзя гэты звычай стаў выключнай папскай прывілеяй. Першым абразом, каранованым папскай каронай, стаў у 1631 годзе абраз Маці Божай у сакрысціі (рызніцы) базылікі Святога Пятра ў Рыме.
У Беларусі папскімі каронамі былі каранованы шэсць абразоў Маці Божай: Берасцейскай у 1996 годзе, Будслаўскай — у 1998-м, абраз Неспарушнага зачацця Маці Божай у Мінску — у 2005 годзе, Маці Божай Кангрэгацкай — у 2005-м, у 2007 годзе быў каранаваны абраз Маці Божай Гудагайскай, Тракельская ікона Маці Божай атрымала пацвярджэнне сваёй цудоўнай сілы ў 2009 годзе.-0-