Амаль 10,5 тыс. маладых людзей з Віцебскай вобласці працавалі ў студатрадах у 2015 годзе
"У нашай вобласці ў складзе 547 студэнцкіх атрадаў (будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных) працавалі 10466 чалавек. Індывідуальна працаўладкаваны 313 чалавек. За межамі краіны, а менавіта ў Краснадарскім краі і Маскоўскай вобласці Расіі працавалі 163 чалавекі. Нашы хлопцы былі задзейнічаны ў будаўніцтве, рэканструкцыі, добраўпарадкаванні, нават займаліся тэлефанізацыяй абаненцкай сеткі, аказвалі дапамогу ва ўборцы ўраджаю, даглядалі лясныя культуры, працавалі важатымі і выхавальнікамі", - адзначыў Віктар Глушын.
Па яго словах, Віцебскі рэгіён стаў першым у краіне, хто пайшоў па шляху стварэння профільных студатрадаў - у 2015 годзе пачалі працаваць медыцынскія атрады. Навучэнцы адпаведных каледжаў спрабавалі свае сілы ў якасці малодшага медперсаналу ў аддзяленнях Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, Аршанскай цэнтральнай бальніцы, Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, абласнога кардыялагічнага дыспансера і дзіцячага клінічнага цэнтра.
Як адзначыў Віктар Глушын, студатрадаўцы рэгіёну зарэкамендавалі сябе і на Усебеларускай моладзевай будоўлі на Беларускай АЭС. Расійскія наймальнікі з году ў год адзначаюць, што нашы хлопцы адрозніваюцца працавітасцю, адказнасцю, ініцыятыўнасцю.
Вынікі часовай працоўнай занятасці моладзі вобласці "Працоўны семестр-2015" будуць падведзены сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. У цырымоніі возьмуць удзел прадстаўнікі органаў выканаўчай улады вобласці, Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, моладзь, ветэраны студатрадаўскага руху, творчыя калектывы. Лепшых з лепшых у цяперашнім працоўным семестры назавуць у 14 намінацыях. У фае актавай залы ВДТУ разгорнецца выстава фатаграфій, на якіх зафіксавана праца студэнцкіх атрадаў і дасягненні вобласці па працаўладкаванні моладзі. Адбудуцца флэш-акцыя "У аб'ектыве з пазітывам", акцыя "Геаграфія атрада", раздача сімвала Года моладзі - яблыкаў.
Кацярына Князева, БЕЛТА.