Амаль 200 юных лёгкаатлетаў возьмуць удзел у рэспубліканскай спартакіядзе ФПБ у Віцебску

18 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэспубліканская спартакіяда па лёгкай атлетыцы сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі стартуе сёння ў Віцебску з удзелам амаль 200 юных спартсменаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы па Віцебскай вобласці Юрый Недасекаў. Спартакіяда пройдзе на арэне Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу. У горад на Дзвіне сабраліся 13 каманд амаль з усіх рэгіёнаў краіны, у складзе якіх юнакі і дзяўчаты 1994-1995 гадоў нараджэння. Спартсменам трэба будзе разыграць узнагароды ў 16 відах праграмы, у асноўным гэта бег на розныя дыстанцыі, скачкі, кіданні, а таксама эстафеты. Спаборніцтвы праводзяцца ў асабістым і камандным заліках. Па выніках каманда-пераможца будзе ўзнагароджана Кубкам, а пераможцы і прызёры турніру ў індывідуальным заліку ўвязуць з Віцебска медалі і каштоўныя падарункі ад арганізатараў. Фінальныя старты і цырымонія ўзнагароджання лепшых лёгкаатлетаў адбудуцца 19 верасня. Віцебск упершыню прымае рэспубліканскую спартакіяду прафсаюзаў па лёгкай атлетыцы. За апошнія гады ў абласным цэнтры праведзена значная праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і развіцці лёгкаатлетычнай інфраструктуры, што дазволіла вярнуць "каралеву спорту" ў горад і праводзіць розныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на годным узроўні.-0-