Амаль 200 жыхароў Віцебска прайшлі прафілактычнае абследаванне падчас месячніка па барацьбе з туберкулёзам
25 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль 200 жыхароў Віцебска скарысталіся магчымасцю прайсці прафілактычнае абследаванне падчас месячніка па барацьбе з туберкулёзам "За здаровы лад жыцця!", які завяршаецца ў Віцебскай вобласці. Такія папярэднія даныя карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык арганізацыйна-метадычным кабінетам Віцебскага абласнога клінічнага туберкулёзнага дыспансера Павел Грэдзяль.
Акцыя ініцыіравана Віцебскім абласным клінічным туберкулёзным дыспансерам сумесна з абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і прымеркавана да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам, які адзначаецца 24 сакавіка. Сёлета традыцыйнае мерапрыемства праходзіла ў пашыраным фармаце. У сакавіку абласны дыспансер штотыдзень праводзіў дзень адкрытых дзвярэй, калі ўсе ахвотныя маглі бясплатна прайсці абследаванне і атрымаць кансультацыі спецыялістаў па ўсіх пытаннях прафілактыкі і лячэння туберкулёзу і іншых сацыяльна значных захворванняў. Акрамя таго, спецыялісты фтызіятрычнай службы выступілі ў працоўных калектывах і арганізацыях з лекцыямі, былі арганізаваны круглыя сталы па пытаннях прафілактыкі туберкулёзу.
24 сакавіка ўпершыню на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра працавала перасоўная лічбавая рэнтгенафлюараграфічная ўстаноўка "Пульмаэкспрэс". Ініцыятыву віцебскіх фтызіятраў падтрымалі амаль 100 віцяблянаў, якія прайшлі абследаванне прама ў цэнтры горада. Акрамя таго, валанцёры абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа раздавалі інфармацыйныя матэрыялы і памяткі. Увечары ў Доме кіно прайшоў паказ мюзікла "Мулен Руж". Папярэднія вынікі акцыі можна лічыць паспяховымі, адзначыў Павел Грэдзяль.
Эпідэміялагічная сітуацыя ў вобласці па туберкулёзе захоўваецца стабільнай з тэндэнцыяй да паляпшэння. Узровень захворвання ў 2008 годзе знізіўся на 6% у параўнанні з 2007 годам і склаў 42,1 выпадку на 100 тыс. насельніцтва. Пры гэтым за апошнія 3 гады смяротнасць ад туберкулёзу знізілася на 36%. У мінулым годзе прафілактычным абследаваннем было ахоплена 81,5% усяго насельніцтва вобласці старэйшыя за 18 гадоў, а ў сельскай мясцовасці трэці год запар фтызіятрычная служба праводзіць абследаванні суцэльным метадам. У 2009 годзе прафабследаваннем плануецца ахапіць не менш за 95% сельскіх жыхароў вобласці.-0-